1300 даляраў у месяц і дапамога на сям’ю: Польшча гатовая прыняць на працу беларускіх навукоўцаў

Ілюстрацыйнае фота. Унівэрсытет імя Адама Міцкевіча ў Познані

Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў Польшчы гатовае прыняць на вучобу і працу 500 студэнтаў і 25 навукоўцаў зь Беларусі, паведамляе Polskie Radio.

500 месцаў для беларускіх студэнтаў ва ўнівэрсытэтах Польшчы і 25 месцаў для навукоўцаў у дасьледчых інстытутах прафінансуе Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў Польшчы (NAWA) у рамках ініцыятывы «Салідарныя зь Беларусьсю». Фінансаваньне стыпэндыяў і выдаткі на навучаньне беларусаў складуць агулам амаль 10 мільёнаў злотых (больш за 2,6 мільёна даляраў).

Паводле дырэктаркі агенцтва Зоф’і Савіцкай,

  • студэнты, якія пераводзяцца ў польскія ўнівэрсытэты, на працягу 10 месяцаў будуць атрымліваць стыпэндыю ў памеры ад 1250 да 1500 злотых (327–393 даляры) у месяц.
  • для навукоўцаў сума стыпэндыі складзе 5000 злотых (каля 1310 даляраў) у месяц і 1000 злотых (262 даляры) дадаткова на мужа і дзіця (гэтая сума не абкладаецца падаткам, навуковец атрымае яе на рукі).

На дадзены момант афіцыйныя заяўкі для ўдзелу ў праграме падалі пяць ВНУ Кракава: Ягелёнскі ўнівэрсытэт, пэдагагічны, сельскагаспадарчы, эканамічны і Акадэмія Ignatianum.