Менская пракуратура адмовілася расказаць аб расьследаваньні катаваньняў 

Пацярпелы ад дзеяньняў сілавікоў у Вайсковым шпіталі Менску

У канцы верасьня Міжнародны камітэт у расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі зь ліку беларускіх праваабарончых арганізацыяў запатрабаваў у пракуратуры Менска даць справаздачу аб праведзенай працы.

У адказ на свой зварот праваабаронцы атрымалі ляканічны адказ — патрабаваньні, выкладзеныя ў звароце, задавальненьню не падлягаюць.

«Дадзеныя зьвесткі зьяўляюцца службовай інфармацыяй абмежаванага распаўсюду», — паведаміў у афіцыйным лісьце намесьнік пракурора Менска Казімір Кежун.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі ААН — пра міліцэйскі гвалт і катаваньні ў Беларусі

Такім чынам, на запыт пра дзеяньні гарадзкой пракуратуры для праверкі ўмоваў утрыманьня ў ЦІП і ІЧУ за жнівень 2020 году атрыманая цынічная адпіска, кажа Вікторыя Фёдарава, кіраўніца «Прававой ініцыятывы», адной з арганізацый-заснавальніц камітэту.

«Інфармацыя аб катаваньнях у Беларусі ўразіла ўвесь сьвет. Пякельныя ўмовы, у якіх утрымліваліся затрыманыя, не адпавядаюць ня толькі міжнародным стандартам, а і беларускаму заканадаўству. Установы на завулку Акрэсьціна ня проста так называюць катавальнямі: перанаселенасьць камэр у 10 разоў, адсутнасьць ежы і вады, зьбіцьцё — толькі нямногае, з чым сутыкнуліся мірныя пратэстоўцы», — камэнтуе Вікторы Фёдарава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС Беларусі адрэагавалі на заявы пра катаваньні і згвалтаваньні затрыманых дэманстрантаў

Згодна з законам аб пракуратуры, пры ажыцьцяўленні нагляду за выкананьнем заканадаўства пракурор мае права бесперашкодна ўваходзіць на аб’екты дзяржаўных органаў, патрабаваць ад службовых асобаў тлумачэньні пра абставіны, зьвязаных з парушэньнем заканадаўства.

«Нягледзячы на гэта, праз два месяцы пасьля таго, як стала вядома пра зьверствы на Акрэсьціна, у публічных крыніцах не зьявілася ніякай інфармацыі аб праведзенай пракуратурай працы па наведваньні ЦІП і ІЧУ, абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Сыходзячы з закону аб пракуратуры, пракурорскі работнік дзейнічае галосна і адкрыта. Такім чынам, у выпадку адпаведнага запыту грамадзкасьці павінна быць агучаная інфармацыя. Спроба яе схаваць сьведчыць пра адно: пракуратура не зрабіла нічога», — лічыць Вікторыя Фёдарава.

Аб рэакцыі іншых службовых асобаў на катаваньні Міжнародны камітэт у расьсьледаваньні катаванняў падрабязна раскажа ў сваёй прамежкавай справаздачы.