5 кастрычніка Вацлаву Гаўлу споўнілася б 84 гады (ён нарадзіўся ў 1936 годзе). Гавэл быў ня толькі дысыдэнтам, праваабаронцам, лідэрам Аксамітнай рэвалюцыі 1989 г., якая паклала канец дзесяцігодзьдзям камуністычнага кіравання ў Чэхаславаччыне, а пазьней апошнім прэзыдэнтам Чэхаславаччыны і першым прэзідэнтам Чэхіі, ня толькі драматургам і пісьменьнікам. Гэта быў чалавек, які ніколі не губляў аптымізму і пачуцьця гумару.
Пра кухарскія здольнасьці Гаўла расказвае супрацоўніца ўкраінскай службы Радыё Свабода Людміла Ванэк.
Нават у яго першай п’есе, прэм’ера якой адбылася ў сьнежні 1963-га, «Сьвяткаваньне ў садзе» (па-чэску Zahradní slavnost), камэдыі, якая высьмейвала камуністычны стыль зносінаў, іронія б’е цераз край: ён зьдзекуецца з таго, як, выкарыстоўваючы шматслоўнасьць, можна нічога не сказаць (досыць актуальная тэма для многіх краінаў, калі папулізм апаноўвае людзкія розумы). Галоўны герой — старанны малады чалавек Уга Плудэк, які дасягае сацыяльнага разьвіцьця, дасканала авалодваючы мастацтвам пустых фраз.
На гэтую тэму ёсьць шмат цытатаў з Гаўла, вось некаторыя.
Афарызмы Вацлава Гаўла
- Несумненна, што недавер да слоў менш згубны, чым неапраўданая вера ў іх.
- Ніхто ніколі нічога не даведаўся з дыскусіі.
- Калі вы хочаце, каб вашы п’есы выходзілі на сцэну менавіта так, як вы іх пісалі, зрабіцеся прэзыдэнтам.
- Палітыка — гэта не мастацтва магчымага; палітыка — гэта мастацтва немагчымага.
- Той, хто прымае сябе занадта сур’ёзна, пастаянна рызыкуе выглядаць сьмешна; той хто ўмее пастаянна сьмяяцца зь сябе, ніколі не здаецца сьмешным.
«Кухар» Гавэл
Мала хто ведае, што Вацлаў Гавэл любіў гатаваць! Звычайна ён рабіў гэта для сваіх шматлікіх сяброў. Яны зьбіраліся ў яго дома альбо «ў халупе» (так чэхі называюць свае дачы), сядзелі, дыскутавалі, часам, калі быў сэзон, дапамагалі чысьціць грыбы, сабраныя паблізу, рэзаць бульбу ці гародніну, марынаваць мяса. На Гаўлу быў фартух, у руках — традыцыйная цыгарэта. Атмасфэра амаль сямейная.
Сябры Гаўла, праз восем гадоў пасля яго сьмерці, сабралі рукапісныя нататкі «маэстра», фатаздымкі, гісторыі і выдалі кнігу «Кабан на лані. Кухарскія рэцэпты Вацлава Гаўла». Кніга, выдадзеная Бібліятэкай імя Вацлава Гаўла, пабачыла сьвет год таму на кніжным форуме, а аўтарка гэтай публікацыі атрымала яе толькі што.
Зразумела, што, улічваючы цяперашнія падзеі ў Беларусі, адразу кідаецца ў вочы назва «Гнеў Лукашэнкі». Гэта суп, у які Гавэл уклаў усё сваё стаўленьне да беларускага дыктатара, удакладніўшы нават, што гэта павінна быць «брутальна і анахранічна».
Хоць Гавал быў кухарам-аматарам, ўсё ж, калі пачынаў гатаваць, фантазіі яму не бракавала, ён і да гэтага падыходзіў «творча, хоць і асьцярожна». Ягоны стыль быў народны і чэскі, пры гэтым ён строга прытрымліваўся традыцыяў Першай Рэспублікі, якія культываваліся ў ягонай сям’і, на што ў камэнтарах да рэцэптаў таксама зьвяртае ўвагу аўтар кнігі Міхал Жантоўскі.
Рэцэпт супу «Гнеў Лукашэнкі»
- «Гнеў Лукашэнкі» — гэта суп, у якім можна ўжываць усё, што ў хаце трапіцца на вочы.
- У гермэтычны чыгунок кладзецца:
- Цыбуля, сельдэрэй, пятрушка, морква, чырвоная капуста, сьвіная ножка, ялавічная шыйка, ялавічная выразка, вэнджаная сьвініна, каўбаса (пад густ), запраўка для булёну, соль, перац, духмяны перац, ядловец, лаўровы ліст.
- Усё гэта заліваецца паловай літра чырвонага віна і паловай літра вады, варыцца 40 хвілін. Накідайце ўсяго, што хочаце — гэта павінна быць брутальна і анахранічна.
Рэцэпт супу "Гнеў Лукашэнкі", запісаны рукой Вацлава Гаўла
Боршч «Ад Андрэя»
Украінскі боршч Вацлаў Гавэл рыхтаваў па рэцэпце свайго суседа-дысыдэнта, валынскага чэха Андрэя.
Гэты боршч выглядае амаль гэтак жа, як і ўкраінскі, хоць буракі рэжуцца крыху грубей, і ёсьць заўвага: «Нельга даваць зашмат сельдэрэю, бо ягоны смак занадта дамінуе, а гэта нядобра».
Міхал Жантоўскі таксама згадвае ў камэнтарах да кнігі рэцэптаў, што Гавэл браўся гатаваць у асноўным падчас сацыялістычнага дэфіцыту (падчас прэзыдэнцтва ён рабіў гэта толькі ў выключных выпадках), калі яму даводзілася імправізаваць. Такім чынам, кулінарная кніга таксама выдатна ўзнаўляе мінулае, калі знайсьці, скажам, соевы соўс было немагчыма.
«Боршч ад Андрэя»
Замежная ежа была для Гаўла прадметам кпінаў, і ён часам жартаваў наконт яе ў сваіх п’есах, называючы праявай снабізму і параўноўваючы з клаўнадай вакол жаніха і нявесты ў кнізе «Вэрнісаж».
Калі хто хацеў, напрыклад, падаць такі стары праскі дэлікатэс, як сьлімакоў, то мусіў рэзаць птушкам страўнікі. Як вядома, чэхі — людзі вынаходлівыя, вось і шэф-кухар Вацлаў, як выглядае, займеў рэпутацыю вынаходніка-імправізатара.
Аўтар кнігі адзначае: «Мы ня маем жаданьня ставіць кулінарны помнік Гаўлу і не рэпрэзэнтуем яго як прыклад здаровага харчавання, а проста хочам пацешыць тых, каму знаёмства з гэтай невядомай часткай ягонага жыцьця прынясе радасьць».
Нарэшце, вось яшчэ адна цытата Вацлава Гаўла, якая яшчэ лепш паказвае, што гэта быў за чалавек, які заўсёды маляваў каля свайго подпісу сэрцайка:
- Тыя, хто сьцьвярджае, што палітыка — гэта брудная справа, падманваюць нас. Палітыка — гэта праца, якая патрабуе асабліва чыстых людзей, бо асабліва лёгка маральна выпацкацца. Нагэтулькі лёгка, што ня вельмі пільныя душы могуць нават не заўважыць, што зь імі гэта ўжо здарылася.