Збой у YouTube і праблемы зь іншымі сэрвісамі Google у карыстальнікаў зь Беларусі

У відэагостынгу YouTube і пэўных іншых сэрвісах Google адбыўся збой — атрымаць доступ да іх не ўдаецца многім карыстальнікам зь Беларусі. Пра гэта кажа інфармацыя DownDetector, піша Tut.by.

Мапа збояў рэсурсаў паказвае, што цяжкасьці ў асноўным адчуваюць карыстальнікі менавіта зь Беларусі — у іншых краінах Эўропы, з выняткам Вялікай Брытаніі, усё ў парадку. Зрэшты, на самім сайце DownDetector гаворыцца: «З YouTube магчымыя праблемы».

Але падобна, што хібяць і іншыя папулярныя сэрвісы Google — адкрыць Google-дакумэнты або, напрыклад, скарыстацца поштай Gmail многім не ўдаецца. Пры гэтым пошукавая сыстэма Google.by працуе безь перабояў і праз мабільны, і празь фіксаваны інтэрнэт.

З чым зьвязаныя праблемы з доступам, пакуль дакладна ня ясна, афіцыйных камэнтароў прадстаўнікоў кампаніі не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактарка Tut.by Марына Золатава не выключае блякаваньня сайту