Фонд BY_help зьняпраўдзіў абвінавачаньне ў адхіленьні дапамогі ахвярам палітычных прысудаў

Фонд BY_help запярэчыў абвінавачаньням, што ня выплаціў «велізарнай сумы грошай» людзям, якія атрымалі штрафы за сваю палітычную актыўнасьць і папрасілі грашовай дапамогі ад фонду.

Такую заяву зрабіў прадстаўнік Фонду BY_help Андрэй Стрыжак на сваім профілі ў Фэйсбуку.

Паводле Стрыжака, паведамленьне пра тое, што Фонд нібыта ня выплаціў грошай на штрафы 363 асобам, якія зьвярнуліся да яго па дапамогу, не адпавядае праўдзе. З гэтага сьпісу, які «праз актывістаў дайшоў да нас», адзначыў Стрыжак, у дапамозе было адмоўлена толькі дзьвюм асобам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд BY_help выплаціў ахвярам гвалту і палітычных прысудаў першы мільён рублёў

Ініцыятыва BY_help, якая ўзьнікла ў сакавіку 2017 году, цяпер зьбірае сродкі на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій у Беларусі ў выбарчай кампаніі 2020 году: аплату штрафаў, адвакатаў і мэдычныя выдаткі.