Судовы вырак у Менску: па 7 сутак арышту за тое, што пілі каву ў ня той кавярні 

Затрыманьне ў Беларусі невядомымі ў балаклавах.

28 верасьня ў Менску на вуліцы Маякоўскага,160 сабраліся мясцовыя жыхары. Такім чынам яны хацелі падтрымаць маленькую кавярню Star Coffee, якая частавала іх кавай падчас акцый.

Як паведамляе «Наша Ніва», сымболікі ў людзей не было: хтосьці стаяў у чарзе, хтосьці сядзеў унутры ці стаяў ля ўваходу. Аднак усё скончылася прыездам аўтазака, затрыманьнямі і дастаўкай у Ленінскае РУУС Менска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні актывістку «Страны для жизни» гвалтоўна затрымалі невядомыя ў масках. У яе дома ператрус 

Аднаго затрыманага адпусьцілі, бо ён адзінокі бацька. Але перад тым склалі пратакол і сказалі чакаць выкліку ў суд. Дваіх адправілі ў ізалятар на Акрэсьціна.

29 верасьня над імі па скайпе адбыўся суд. 35-гадовы Аляксандар і 24-гадовы Яўген атрымалі кожны па 7 сутак адміністрацыйнага арышту.