У Лёндане прайшлі новыя акцыі супраць абмежаваньняў з прычыны COVID-19

Нядаўні пратэст на Трафальгарскай плошчы супраць новых абмежаваньняў у сувязі з эпідэміяй Covid-19. Верасень 2020

Тысячы лёнданцаў удзельнічалі ў суботу ў маніфэстацыі на Трафальгарскай плошчы супраць новых абмежавальных захадаў у сувязі з пашырэньнем эпідэміі COVID-19. Многія ўдзельнікі шэсьця былі бяз масак і выказваліся супраць абмежаваньня сваіх свабодаў.

Лёнданская паліцыя, аднак, папярэдзіла, што шматлюдныя сходы і акцыі ў цяперашніх умовах пагражаюць здароўю кожнага чалавека і яго сваякоў. Паліцыя таксама заявіла, што не пацерпіць актаў гвалту ці варожасьці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў або іншых грамадзян. Пра гэта паведамляе Euronews.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другая хваля каранавірусу: у якіх краінах могуць аднавіць карантын?

Брытанія сярод эўрапейскіх дзяржаваў найбольш цяжка пацярпела ад наступстваў пандэміі. 42 тысячы яе грамадзян сталі ахвярамі каранавіруснай інфэкцыі. На палове тэрыторыі Валіі, уключна са сталіцай Кардыфам, у канцы гэтага тыдня ўводзяцца абмежаваньні на перамяшчэньні людзей. Новыя абмежавальныя захады працягваюць абмяркоўвацца ў брытанскіх СМІ.