Выйшаў на волю галоўны рэдактар «Нашай нівы»

Затрыманьне Ягора Марціновіча

Пасьля трох содняў арышту на волю выйшаў галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч.

Марціновіч напісаў у сваім фэйсбуку, што міліцыю цікавілі два пытаньні:

  1. Колькі Марціновіч заплаціў Сакалоўскаму за інфармацыю, што апошняга біў Барсукоў.

    «Нуль, „Наша Ніва“ ня плаціць героям матэрыялаў, а Сакалоўскага я ня бачыў ніколі ў жыцьці», — напісаў Марціновіч.
  2. «Навошта табе ўсё гэта? Зьехаў бы ў Літву, як Ціханоўская. Няўжо ты такі патрыёт, што гатовы сядзець 15 гадоў за сваю ідэю?»

    «Не хацелася б, вядома, але калі трэба, то трэба. Пазыцыя Калесьнікавай вартая перайманьня», — адказаў Марціновіч.

Раніцай 23 верасьня дадому да Ягора Марціновіча і яго жонкі Адар’і Гуштын, якая працуе журналісткай Tut.by, прыйшлі зь ператрусам супрацоўнікі ўпраўленьня ўласнай бясьпекі МУС.

Ператрус быў ў рамках справы паводле артыкулу аб паклёпе. Пацярпелы ў ёй — намесьнік міністра ўнутраных справаў Аляксандар Барсукоў. Пасьля завяршэньня ператрусу Марціновіча разам зь ягоным адвакатам павезьлі на допыт у Сьледчы камітэт. З кватэры забралі ўсю лічбавую тэхніку, тэлефоны, флэшкі, пашпарты, сім-карты.

Гуштын паведамляла, што яе муж ужо даваў тлумачэньне наконт артыкула пра Барсукова, 23 верасьня ён меў паехаць на азнаямленьне з экспэртызай, але замест гэтага міліцыя прыехала да іх дадому.

У чым падазраюць Ягора Марціновіча

Ягора Марціновіча зьмясьцілі ў ізалятар на завулку Акрэсьціна. Ён у статусе падазраванага паводле артыкула 188 КК (паклёп). Вінаватым у паклёпе можа пагражаць да трох гадоў пазбаўленьня волі, сказаў Свабодзе адвакат Марціновіча Сяргей Іваноў.

17 жніўня «Наша ніва» апублікавала інтэрвію з адным з дыджэяў, якія ўключылі 6 жніўня падчас афіцыйнага мерапрыемства ў Кіеўскім сквэры Менску песьню Віктара Цоя «Перемен». Улад Сакалоўскі расказаў журналістам, што ў ізалятары на Акрэсьціна яго біў чалавек, падобны да намесьніка кіраўніка МУС Аляксандра Барсукова.

У артыкуле адзначалася: на трэці дзень адбыцьця арышту ў карцар, дзе сядзеў Сакалоўскі, прыйшоў нейкі начальнік і ўдарыў яго два разы. «Пасьля выхаду Ўлад Сакалоўскі пазнаў у гэтым начальніку Аляксандра Барсукова, намесьніка Караева. Барсукоў прыяжджаў пад Акрэсьціна ў ноч на 14 жніўня, запэўніваў людзей, што ў камэрах нікога ня б’юць і не катуюць», — пісала выданьне.

Аляксандар Барсукоў на Акрэсьціна, 14 жніўня

Улад Сакалоўскі зьехаў зь Беларусі, бо, як казаў, даставаў пагрозы пасьля публікацыі таго інтэрвію.