Ціханоўская сустрэлася з прадстаўніком дзярждэпартамэнту ЗША

Сьвятлана Ціханоўская

Сёньня Святлана Ціханоўскі сустрэлася з намесьнікам памочніка дзяржсакратара ЗША Джорджам Кентам. Пра гэта паведамляе яе тэлеграм-канал «Пул Первой» .

Паводле каналу Ціханоўская і Кент абмеркавалі апошнія падзеі ў Беларусі, магчымыя шляхі выхаду з крызісу, а таксама патэнцыйны ўдзел ЗША, ЭЗ і Расеі ў арганізацыі дыялёгу аб правядзеньні новых выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высокапастаўлены амэрыканскі дыплямат: «Мы хочам, каб Беларусь заставалася сувэрэннай, незалежнай краінай»

Святлана Ціханоўская падзякавала за цьвёрдую і пасьлядоўную пазыцыю ЗША ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі і нагадала пра важнасьць падтрымкі грамадзянскай супольнасьці Беларусі і эканамічнай падтрымкі Беларусі пасьля дэмакратычных зьменаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт Сэнату ЗША падтрымаў кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду амбасадара ў Беларусі

Раней Святлана Ціханоўская правяла тэлефонныя перамовы з сэнатарамі і дэпутатамі Кангрэсу ЗША. Яна нагадала пра важнасьць непрызнаньня легітымнасьці Лукашэнкі, падтрымкі рэпрэсаваных і санкцыях супраць асобаў, вінаватых у разгонах мірных пратэстоўцаў. Святлана Ціханоўская вітала магчымасьць вяртаньня амбасадара ЗША ў Беларусь, але выказала перасьцярогу, што ўручэньне даверчых граматаў Лукашэнку можа быць успрынятае як яго прызнаньне.