Работнікі Мінскага электратэхнічнага заводу імя Казлова напісалі калектыўны ліст, які накіравалі ў тым ліку ва ўрад і Вярхоўны суд Беларусі.
Падпісанты патрабуюць сярод іншага спыніць паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі, правесьці новыя выбары, вызваліць палітвязняў, а таксама спыніць прымяненне сілы ў дачыненьні да мірнага насельніцтва. Ліст цытуе Tut.by.
Прадстаўнікі МЭТЗ імя Казлова, якія зьвярнуліся да ўладаў, лічаць мінулыя прэзыдэнцкія выбары сфальсыфікаванымі. Пад зваротам падпісаліся каля 610 чалавек, расказваюць работнікі.
Работнікі расказваюць, што подпісы пакідалі прадстаўнікі розных падраздзяленьняў прадпрыемства.
«Мы вельмі занепакоеныя сытуацыяй у нашай краіне, якая адбываецца з 9 жніўня пасьля правядзеньня выбараў прэзыдэнта, — гаворыцца ў калектыўным звароце. — Мы з болем і жалем назіраем за падзеямі, якія з кожным днём прыводзяць да павелічэньня колькасьці пацярпелых».
Падпісанты асуджаюць прымяненьне сілы да мірных грамадзянаў з боку сілавікоў:
«Лічым непрымальным парушэньне супрацоўнікамі праваахоўных органаў закону, якое праяўляецца ў штодзённых беспадстаўных затрыманьнях мірных і бяззбройных грамадзян, у тым ліку непаўналетніх, на вуліцах гарадоў Беларусі, — адзначаецца ў калектыўным звароце. — Затрыманьні суправаджаюцца нічым не абгрунтаванай жорсткасьцю і збіваньнем грамадзян людзьмі, якія прысягалі на вернасьць народу Беларусі».
У калектыўным лісьце гаворыцца, што падпісанты «не прызнаюць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня і афіцыйных лічбаў, агучаныя ЦВК».
Таксама адзначаецца, што Канстытуцыяй кожнаму грамадзяніну гарантуецца свабода думак, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне.
Сярод патрабаваньняў тых, хто падпісаўся:
- спыненьне паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі;
- прызнаньне прэзыдэнцкіх выбараў сфальсыфікаванымі і несапраўднымі, а таксама адстаўка ЦВК у поўным складзе на чале зь Лідзіяй Ярмошынай;
- прыцягненьне да адказнасьці ўсіх датычных да фальсыфікацыі падліку галасоў на выбарах; правядзеньне новых выбараў, «сумленных, з празрыстым і зразумелым падлікам галасоў»;
- спыненьне прымяненьня сілы з боку сілавікоў супраць мірнага насельніцтва, а таксама арыштаў і затрыманьняў;
- прыцягненьне да адказнасьці датычных да затрыманьняў мірных грамадзян і нанясеньня ім фізычнай і псыхалягічнай шкоды;
- вызваленьне палітвязьняў.