Сэнатар ЗША: Я сумняваюся, што Трамп пагодзіцца на санкцыі супраць Лукашэнкі

Сэнатар ЗША Рычард Дэрбін

Сэнатар-дэмакрат Рычард Дэрбін выказаў сумневы ў тым, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падтрымае санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, якія група 13 амэрыканскіх сэнатараў з абедзьвюх партыяў прапанавала на гэтым тыдні.

«Беларусь — найбліжэйшы хаўрусьнік Расеі і Пуціна. І мы ведаем пра сымпатыі прэзыдэнта Трампа да Пуціна. Так што малаімаверна, што Трамп пагодзіцца на якія-колечы намаганьні супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі, з дапамогай санкцыяў або іншых захадаў», — сказаў Дэрбін у інтэрвію «Голасу Амэрыкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Лукашэнкі не засталося ні кроплі легітымнасьці». Амэрыканскія сэнатары падрыхтавалі рэзалюцыю ў справе Беларусі

Дэрбін сказаў таксама, што падтрымлівае ўсялякія спробы ўцягнуць Аляксандра Лукашэнку ў дыялёг, хоць сумняваецца, што кіраўнік Беларусі пойдзе на такі крок.