Фільм расейскага рэжысэра Андрэя Канчалоўскага «Дарагія таварышы!» атрымаў адмысловую прэмію журы Вэнэцыянскага кінафэстывалю.
У аснове фільма — гістарычныя падзеі, вядомыя як «Навачаркаскі расстрэл» — расправа ўладаў над навачаркаскімі рабочымі, якія ў чэрвені 1962 абвясьцілі страйк пасьля павышэньня цэн на прадукты і зьніжэньня расцэнак па працоўных дамовах. Страйк быў надзвычайным здарэньнем саюзнага маштабу.
Публікацыі пра падзеі ў Новачаркаску зьявіліся толькі ў часе перабудовы — уся інфармацыя аб расстрэле была засакрэчаная паводле рашэньня Прэзыдыюму ЦК КПСС, бралася абавязковая падпіска аб неразгалошваньні, яе парушэньне гарантавала найстражэйшае, аж да вышэйшай меры, пакараньне.
Тэма застаецца нязручнай і ў 2020-м. Нечакана, што за яе ўзяўся рэжысэр Андрэй Канчалоўскі, цалкам дружалюбны расейскай уладзе. Фільм зьняты пры падтрымцы Міністэрства культуры Расеі, адзначаюць камэнтатары.
- Галоўны прыз Вэнэцыянскага кінафэстывалю «Залаты леў» ўручылі фільму Nomadland («Зямля качэўнікаў») кітайскай рэжысэркі Хлоэ Чжао, якая працуе ў ЗША.
- Прыз «Сярэбраны леў» за найлепшую рэжысуру ўручаны японскаму рэжысэру Кіёсі Курасаве, аўтару фільма «Жонка шпіёна».
- Прыз вялікага журы атрымаў «Новы парадак» Мішэля Франка з Мэксыкі.
-