Дзясяткі затрыманых падчас жаночага маршу ў Менску. ВІДЭА

12 верасьня а 15-й гадзіне на плошчы Свабоды ў Менску пачаўся Жаночы марш. Аднак ужо напачатку сілавікі падагналі аўтазакі і сталі жорстка затрымліваць і разганяць удзельніц.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», агулам вядома больш як пра 30 затрыманых. У гэтым пераліку журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Макс Калітоўскі. Іх адвезьлі ў Кастрычніцкі РУУС, канфіскуюць тэхніку. Таксама схапілі Надзею Крапівіну са Свабоднага тэатру.

Некаторых удзельніц зьбівалі да крыві, калі яны спрабавалі сарваць зь міліцыянтаў балаклавы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паводзяць сябе бесцырымонна і з выклікам». МУС Беларусі апраўдвае разгоны і затрыманьні жанчын 

Пад гарачую руку траплялі і староньнія людзі. Так, кіроўца аўтамабіля спыніўся на вуліцы Багдановіча, каб прапусьціць калёну жанчын. Празь нейкі час пад’ехаў мікрааўтобус без нумароў, адтуль выбеглі невядомыя ў зялёнай форме без апазнавальных знакаў і ў балаклавах, выцягнулі кіроўцу і закінулі ў бус. Аўто засталося проста пасярод дарогі.

Нягледзячы на брутальныя затрыманьні, жанчыны перагрупаваліся, некалькі калёнаў сабраліся ў адну і рушылі па праспэкце Незалежнасьці ў бок Акадэміі навук.

У маршы бяруць удзел тысячы жанчын.