Сябра Каардынацыйнай рады Павал Латушка сустрэўся зь дзейным старшынём АБСЭ

Павал Латушка на месцы пахаваньня Кастуся Каліноўскага ў Вільні

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка, які вымушана пакінуў Беларусь праз небясьпеку крымінальнага перасьледу, працягвае сэрыю перамоваў з эўрапейскімі палітыкамі.

12 верасьня былы дырэктар Купалаўскага тэатру, які перайшоў у апазыцыю Лукашэнку, сустрэўся зь дзейным старшынём АБСЭ Эдзі Рамам.

«АБСЭ будзе адыгрываць больш актыўную ролю ў вырашэньні беларускага крызісу. Ёсьць нечаканыя інструмэнты. Дыялёг працягваецца», — напісаў Павал Латушка ў сваім тэлеграм-канале.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: Калі Ціханоўская абвесьціць сябе прэзыдэнтам, мы павінны яе падтрымаць

Раней ён меў сустрэчы зь міністрам замежных справаў Чэхіі Томашам Пэтршычэкам і кіраўніком камісіі замежных справаў Палаты прадстаўнікоў гэтай краіны Ондржэем Вэсэлім.

«Чым бліжэй да 24 верасьня (сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў — чальцоў Вышаградзкай групы. — РС), тым больш прынцыповай становіцца пазыцыя Эўразьвязу наконт Беларусі. Не — рэпрэсіям. Так — новым прэзыдэнцкім выбарам. Каардынацыйная рада — партнэр для дыялёгу», — адзначыў Павал Латушка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выбары можна праводзіць адначасова з канстытуцыйнай рэформай, а не пасьля», — Латушка адказаў Лукашэнку 

Гэтаксама заплянаваныя яго перамовы зь міністрам замежных справаў, прадстаўнікамі прэзыдэнта і канцлера Аўстрыі.