Працягваюцца затрыманьні за мірныя пратэсты, бальшыню пакідаюць пад вартай да суду 

Акцыя салідарнасьці з Марыяй Калесьнікавай, 9 верасьня

Не спыняюцца затрыманьні беларусаў, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту. Напярэдадні людзі выйшлі, каб выказаць пратэст у зьвязку з арыштамі чальцоў Каардынацыйнай рады — Марыі Калесьнікавай, Максіма Знака, Ільлі Салея.

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў, 9 верасьня за «парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» у краіне затрымалі 37 чалавек. Чакаюць суду пад вартай 26 зь іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску прайшла жаночая акцыя ў падтрымку Марыі Калесьнікавай, ёсьць затрыманыя

У Менску пратэсты разганялі з ужываньнем сілы людзі ў балаклавах, у цывільным і ў форме без знакаў адрозьненьня.

Але калі дагэтуль сілавікі стараліся не чапаць жанчын, то ў апошнія дні, словамі кіраўніка МУС Юрыя Караева, «пад раздачу» трапляюць усе, незалежна ад полавай прыкметы.