Нямецкія лекары вывелі Аляксея Навальнага з комы

Аляксей Навальны, архіўнае фота

Расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага вывелі з мэдычнай комы і адключылі ад апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ). Ягоны стан палепшыўся, паведамілі ў нямецкай клініцы Charité.

«Пацыента вывелі з мэдычнай комы і адключылі ад ШВЛ. Ён рэагуе на слоўныя раздражняльнікі. Яшчэ занадта рана ацэньваць патэнцыйныя і доўгатэрміновыя наступствы яго цяжкага атручэньня», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паведамляецца, што лекары падтрымліваюць кантакт з жонкай Навальнага Юліяй. Рашэньне апублікаваць падрабязнасьці стану пацыента будзе прынята паводле ягонага жаданьня, адзначылі ў бальніцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заява ўраду ФРГ: Расейскага апазыцыянэра Навальнага атруцілі ядам з групы «Навічок» 

У нямецкай клініцы Навальны знаходзіцца ад 22 жніўня. Яму стала дрэнна за два дні да гэтага — 20 жніўня ў самалёце падчас палёту з Томску ў Маскву: у Томску ён знаходзіўся некалькі дзён у паездцы з актывістамі мясцовага штабу. Самалёт, у якім ляцеў палітык, прызямліўся ў Омску, дзе апазыцыянэра адправілі ў рэанімацыю ў мясцовы шпіталь. Лекары не давалі згоды на яго транспартаваньне ў Бэрлін, але потым яго ўсё-ткі атрымалася вывезьці. Паводле паплечнікаў, Навальнага, хутчэй за ўсё, атруцілі таксінам, які маглі падмяшаць у гарбату.

Галоўны лекар омскай бальніцы хуткай дапамогі № 1 Аляксандар Мурахоўскі 21 жніўня заяўляў, што асноўная прычына цяжкага стану Навальнага — нібыта парушэньне абмену рэчываў, а ніякіх ядаў у арганізьме апазыцыянэра не знайшлі. Трэцяга верасьня загадчык навуковага аддзяленьня вострых атручэньняў НДІ хуткай дапамогі імя Скліфасоўскага Міхаіл Поцхвэрыя таксама сказаў, што іх інстытут праводзіў аналіз біялягічных вадкасьцяў Навальнага, і сьлядоў атрутных рэчываў з групы «Навічок» у аналізах знойдзена не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль заявіў, што да адлёту ў Нямеччыну ў аналізах Навальнага атруты не было

2 верасьня афіцыйны прадстаўнік ураду ФРГ Штэфан Зайбэрт заявіў, што ў арганізьме Навальнага знайшлі сьляды хімічнага атрутнага рэчыва з групы «Навічок», а канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель запатрабавала ад Расеі тлумачэньняў. Расейскія ўлады катэгарычна адмаўляюць дачыненьне да атручваньня апазыцыйнага палітыка.