«Не падтрымліваць дыктатара» — чаму выкладчыца ангельскай мовы выйшла на адзіночны пікет да амбасады Расеі ў Менску

Выкладчыца ангельскай мовы Валянціна Голубева каля амбасады РФ

У дзень візыту ў Беларусь прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна выкладчыца ангельскай мовы Валянціна Голубева выйшла да амбасады РФ з плякатам «Найлепшая дапамога РФ РБ — не падтрымліваць дыктатара». Яе затрымалі, і 3 гадзіны яна правяла ў РУУС Цэнтральнага раёну.

«Людзі рыхтуюцца адстойваць сувэрэнітэт любымі спосабамі»

«Гэта быў зручны момант заявіць пра настроі беларусаў, — тлумачыць Валянціна свой учынак.

Валянціна кажа, што выхад на адзіночны пікет — гэта «не спантанны ўсплёск эмоцый», ён тлумачыцца кантэкстам усяго, што адбываецца ў краіне.

«Лукашэнка рэанімаваў мэханізмы Савецкага Саюзу, — кажа яна. — Яны працавалі, пакуль не надышоў час зрабіць якасны рывок у інфармацыйнае грамадзтва».

Грамадзтва і бізнэс гэты рывок зрабілі, мяркуе Валянціна, а Лукашэнка і ягоная вэртыкаль засталіся ў мінулым.

Валянціна Голубева

«Згубленая сувязь паміж уладай і народам. Улада ня чуе народ, не разумее, чаго хочуць людзі, ня ўмее выбудаваць камунікацыі, — тлумачыць выкладчыца. — І самае жахлівае, што яны не разумеюць, як глыбока яны памыляюцца ў сваёй ацэнцы сытуацыі, што яны засталіся за бортам цеплахода пад назвай „Жыцьцё“. Адсюль і гульня мускуламі, стаўкі на гвалт, падман і маніпуляцыі. Фактычна ўсе крокі Лукашэнкі і ягонага апарату сымптаматычныя і паказваюць, што цыкль жыцьця апошняга дыктатара Эўропы ўвайшоў у завяршальную стадыю».

Яна лічыць, што ў гэтай агульнай «клініцы» дачыненьні з Расеяй займаюць асаблівае месца.

«Пагроза нашаму сувэрэнітэту навісла ў жніўні 2019 году, — нагадвае яна пра „таемныя“ перамовы паміж урадамі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. — Калі рэжым Лукашэнкі захістаўся, непакой і апасеньні народу ўзмацніліся».

Валянціна кажа, што гэтыя апасеньні падаграюцца праўрадавай прапагандай пра тое, што «Беларусь хочуць разарваць», «краіну ўжо падзялілі», што «змаганьне ў Беларусі носіць антырасейскі характар».

На думку Голубевай, мэта гэтай прапаганды відавочная — «падрыхтаваць пэўную частку расейскага грамадзтва да ўспрыняцьця магчымага ўварваньня ў Беларусь як дапамогі саюзнай дзяржаве».

«Людзі ў Беларусі насьцярожана назіраюць за любымі дзеяньнямі Лукашэнкі і Пуціна і іх функцыянэраў. Трэба ведаць нашых людзей, — кажа Валянціна. — Тут маўчаньне — зусім ня знак згоды. Людзі проста замерлі ў чаканьні пэўнай інфармацыі пра пляны Лукашэнкі і маральна рыхтуюцца адстойваць наш сувэрэнітэт любымі спосабамі».

Але, кажа Валянціна, абмяркоўваць пэсымістычны сцэнар ня хочацца, а хочацца яго пазьбегнуць.

«Таму, ведаючы фэнамэнальныя здольнасьці Лукашэнкі пераварочваць факты ў жаданую яму плашчыню, я палічыла неабходным у дзень прыезду кіраўніка ўраду Расеі Міхаіла Мішусьціна зрабіць нешта, што магло б прыцягнуць грамадзкую ўвагу да пазыцыі беларускага грамадзтва ў дачыненьні да магчымых дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі», — тлумачыць Валянціна Голубева.

«Гэта ж да чаго трэба давесьці краіну?!»

Праз пару хвілін пасьля таго, як Валянціна разгарнула плякат, да яе падышоў ахоўнік амбасады, паглядзеў дакумэнты і папрасіў адысьці за 50 мэтраў ад плота амбасады.

А ў 14.50 Валянціну ўжо затрымалі людзі „ў бандыцкім адзеньні — байкі з капюшонамі, цёмныя акуляры“.

„Схапілі досыць груба, але я сказала, што няма патрэбы прымяняць сілу, і яны мяне проста трымалі“, — кажа Валянціна. — У машыне я запатрабавала адваката, на што апэратыўнік, які сядзеў за стырном, адказаў матам. Я зрабіла яму заўвагу — ён паўтарыў нецэнзуршчыну. Я яму сказала, каб размаўляў чалавечай мовай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падзякаваў Расеі, якая «падключылася ў цяжкую хвіліну і дапамагла «сур’ёзна стабілізавацца»

У РУУС Валянціна перажывала за сына, які ня ведаў, што зь ёю. Адваката да яе так і ня выклікалі, хоць дамову зь ім сфатаграфавалі.

У справе Валянціны быў яе фатаздымак з плякатам, раздрукаваны з тэлеграм-каналу Nexta. Без адваката Валянціна размаўляць у РУУС адмовілася, як адмовілася і падпісваць пратакол апытаньня. Але напісала сваёй рукой тлумачэньні.

«Напісала пра выкраданьне, пра мат, пра адмову выклікаць адваката, — кажа яна. — І пасьля давялося падпісаць пратакол. Я яшчэ напісала, што ажыцьцяўляла сваё канстытуцыйнае права выказваць сваю пазыцыю».

Валянціна зьдзіўляецца, што яе адзіночны непрацяглы пікет выклікаў такую рэакцыю «адказных асобаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін прызнаў выбары ў Беларусі легітымнымі: «У сьвеце не існуе нічога ідэальнага»

«Гэта да чаго трэба давесьці краіну, каб амаль месяц усе праваахоўныя органы лавілі не бандытаў, а абсалютна мірных людзей, такіх, як я, студэнтаў, старых, малых. Больш няма чаго рабіць, як лазіць па стэлах, здымаць сьцягі з гаўбцоў, зафарбоўваць малюнкі на сьценах і прыбіраць кветкі з мэмарыялу Тарайкоўскага на Пушкінскай».

Выкладчыца будзе падаваць скаргі на дзеяньні праваахоўных органаў.

Валянціна Голубева — вядомая выкладчыца ангельскай мовы, арганізатарка шматлікіх мерапрыемстваў для настаўнікаў, выкладчыкаў, удзельніца міжнародных канфэрэнцый.