«Блякада газэты з боку ўладаў працягваецца». Рэдакцыя «Народнай Волі» зьвярнулася па дапамогу 

Рэдакцыя газэты «Народная Воля», якую адмаўляецца выдаваць дзяржаўны «Беларускі дом друку», а «Белпошта» і «Белсаюздрук» ня хочуць распаўсюджваць надрукаваны за мяжой наклад, зьвярнулася па дапамогу да чытачоў.

«Шаноўныя прыхільнікі свабоднага слова! На жаль, блякада газэты з боку ўладаў працягваецца: па-ранейшаму забаронены доступ як да друкарні, так і да экспэдыцыі „Белпошты“ і „Белсаюздруку“, якія займаюцца распаўсюдам выданьняў, — гаворыцца ў звароце. — Ужо пяты нумар „Народнай Волі“ мы аддрукавалі пад Масквой. Які далейшы лёс? Калі да панядзелка не загарыцца „зялёнае сьвятло“ ў Беларусі, нумар за аўторак зьявіцца толькі пры ўмове, што на рахунку рэдакцыі будуць сродкі для пералічэньня іх расейскай друкарні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белпошта» і экспэдыцыя блякуюць дастаўку незалежных газэт да чытачоў, іх чытаць можна ў PDF-фармаце

Выхад кожнага нумара «Народнай Волі» без магчымасьці рэалізоўваць значную частку накладу праз шапікі нясе рэдакцыі велізарныя страты. Да таго ж трэба яшчэ дадаць немалыя выдаткі на транспартныя ды іншыя паслугі.

Таму застаецца адно выйсьце, зьвяртаецца да нераўнадушных людзей рэдакцыя: давайце выдаваць «Народную Волю» разам! Адгукніцеся, паважаныя сябры, калі ў вас ёсьць хоць нейкая магчымасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціскам на СМІ ўлады Беларусі «паслабляюць інфармацыйную бясьпеку» краіны, — старшыня БАЖ

«Сёньня, як ніколі, у Беларусі павінна гучаць слова праўды, слова ў абарону правоў людзей, якія хочуць жыць у вольнай краіне, калі ўлады не будуць фальсыфікаваць вынікі галасаваньня падчас прэзыдэнцкіх выбараў, калі вяршэнства закону стане нормай для ўсіх. Разам уратуем «Народную Волю»! — гаворыцца ў зваоце да чытачоў.

Банкаўскія рэквізыты для пералічэньня грошай на падтрымку газэты па спасылцы ТУТ.