Ціханоўская павінна прайсьці ў Літве 14-дзённую самаізаляцыю

Сьвятлана Ціханоўская падчас прэс-канфэрэнцыі 10 жніўня

Сьвятлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Літве, павінна прайсьці 14-дзённую самаізаляцыю, каб выключыць імавернасьць заражэньня каранавірусам.

Пра гэта карэспандэнту агенцтва ТАСС паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя Літвы.

Ціханоўская 11 жніўня апублікавала відэазварот, у якім пацьвердзіла свой ад’езд зь Беларусі, назваўшы яго «вельмі цяжкім для сябе рашэньнем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня дай бог апынуцца перад выбарам, перад якім апынулася я». Пасьля ад’езду Ціханоўская апублікавала відэазварот

Кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус пацьвердзіў журналістам 11 жніўня, што Ціханоўская знаходзіцца ў Вільні. Прэс-сакратар прэзыдэнта Літвы Гітанаса Науседы паведаміў, што ўлады краіны падтрымліваюць сувязь зь Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давераная асоба Ціханоўскай: Кандыдатку вывезьлі з краіны беларускія ўлады разам з начальніцай штабу Марыяй Мароз

Ціханоўскую, паводле яе даверанай асобы Вольгі Кавальковай, 10 жніўня вывезьлі з краіны беларускія ўлады, яе ад’езд дазволіў вызваліць начальніцу яе штабу Марыю Мароз, затрыманую напярэдадні выбараў.