«Забясьпечце сумленныя выбары, больш ад вас нічога не патрабуюць», — заслужаны артыст і зорка «Беларускіх песьняроў» Валер Дайнека

Ілюстрацыйнае фота. Спантанная акцыя ў Кіеўскім сквэры, 6 жніўня

«Я не заклікаю на барыкады — голымі рукамі мы нічога ня зробім. Пасыл да ўладаў адзін: забясьпечце сумленныя выбары, больш ад вас нічога не патрабуецца».

Заслужаны артыст Беларусі, былы вакаліст ВІА «Песьняры», а цяпер удзельнік «Беларускіх песьняроў» Валер Дайнека пра гістарычную місію «шчасьлівых людзей».

Днямі прэзэнтаваны кліп салідарнасьці «Песьня шчасьлівых людзей» сьпявачкі Ганны Шаркуновай. У відэашэрагу — пазнавальныя асобы: артысты, тэлевядоўцы, спартоўцы, мастакі. Многія зь іх пазбавіліся працы менавіта за свае крытычныя выказваньні пра сытуацыю ў краіне.

Валер Дайнека

«Як нармальны чалавек выказваю стаўленьне да відавочных рэчаў»

Сярод герояў роліка — адзін з фронтмэнаў колішніх «Песьняроў» Валер Дайнека. У кадры ён з даўнім сябрам, дызайнэрам Уладзімерам Цэсьлерам.

Залаты склад «Песьняроў»

Колішні вакаліст і альтыст правёў у легендарным калектыве паўтара дзесяцігодзьдзя — ад 1977-га да 1992-га. Атрымаў шырокую вядомасьць як выканаўца песень «Белавеская пушча», «Слуцкія ткачыхі», «Зорка Вэнэра», «Вянок», «Зачараваная мая», «Курапаты» ды многіх іншых.

У пачатку 1990-х праз творчыя рознагалосьсі група музыкаў выйшла з-пад апекі свайго нязьменнага лідэра Ўладзімера Мулявіна. Некалькі гадоў Валер Дайнека адпрацаваў у Дзяржаўным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінбэрга. Там рэалізаваў даўнюю задуму — джазавую праграму з сусьветных гітоў і ўласных аранжыровак. А ў 1998-м разам з калегам Уладзіславам Місевічам заснавалі калектыў «Беларускія песьняры». І вось ужо больш за два дзясяткі гадоў напрацоўваюць свой рэпэртуар.

«Беларускія песьняры»

Чаму менавіта ў гэты момант музыка вырашыў акрэсьліць сваю пазыцыю? Адрозна, напрыклад, ад удзельнікаў цяперашняга дзяржаўнага ансамбля «Песьняры», якімі ідэолягі займаюць пляцоўкі для агітацыі, каб не сабраліся прыхільнікі альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты. Відавочна, што было б спакайней назіраць за баталіямі зь бясьпечнай адлегласьці.

«У прынцыпе, я і так спакойна сябе адчуваю, бо не зьяўляюся палітычным актывістам. Проста як нармальны чалавек выказваю сваё стаўленьне да відавочных рэчаў, — гаворыць Свабодзе Валер Дайнека. — Да таго ж Аня Шаркунова — сьпявачка, якую я вельмі люблю і паважаю, таму з гатоўнасьцю пайшоў насустрач. Мабыць, крыху выбіваюся з агульнага шэрагу, бо там у асноўным людзі, якія, з гледзішча ўлады, чымсьці „правініліся“. Для мяне ж гэта выдатныя прадстаўнікі сваёй прафэсіі. Быць побач зь імі — гонар».

Саліруе Валер Дайнека

«Калі зацісканьне гаек будзе такім жа, страцім самых годных»

Напалохаўшыся маштабамі падтрымкі альтэрнатыўных кандыдатаў, менскія ўлады пачалі «адціскаць» нават тыя пляцоўкі, на якія ніколі не прэтэндавалі. «Старая апазыцыя» такія месцы з пагардай называла «сабачымі выселкамі» — там гаспадары звычайна выгульваюць хатніх гадаванцаў.

Аднак у перадвыбарны тыдзень пляцоўкі нечакана сталі галоўнымі цэнтрамі актыўнасьці. Не абышла мабілізацыя і дзяржаўных «Песьняроў»: увечары 6 жніўня яны поўным складам выступалі перад кінатэатрам «Кіеў». Гэта крыху пазьней прылеглы сквэр «парвалі» дыджэі Кірыл і Ўладзіслаў, якія паставілі песьню «Перемен» і трапілі на 10 сутак у турму за «хуліганства». А да таго давялося выступаць салісту Валерыю Скаражонку і кампаніі.

«Песьняры» на піку сваёй папулярнасьці

«Так, бачыў фатаздымкі — як той казаў, карціна алеем, — сьмяецца экс-удзельнік „Песьняроў“. — Так і не зразумеў, што гэта было. Для чаго? Для каго? Зрэшты, а што ім рабіць у такой сытуацыі? Калі пры „двары“, трэба статус адпрацоўваць. Адмовіцца? А далей? Яны ж цалкам залежныя ад дзяржавы, бюджэтнага фінансаваньня... Шчыра кажучы, даўно перастаў цікавіцца іхнымі посьпехамі. Ня тое што прынцыпова, проста няма часу. Не, у мяне не астыла захапленьне музыкай, я ўвесь час слухаю нешта новае, адкрываю цікавых творцаў... Ну а там што можа быць новага?»

Вяртаючыся да «Песьні шчасьлівых людзей» Ганны Шаркуновай, Валер Дайнека зьвяртае ўвагу на падтэкст. Усё больш беларускіх творцаў, расчараваных адсутнасьцю пэрспэктыў на радзіме, вымушаны шукаць шчасьця за яе межамі. «Беларускія песьняры» выключэньнем ня сталі — у іх маскоўская прыпіска, хоць асноўны час музыкі ў Беларусі. А каб не хацелася зьяжджаць, патрэбны станоўчыя зьмены.

«Беларускія песьняры»

«Наогул у кліпе гаворка пра лёс нашай культуры — пра музыкаў, артыстаў, мастакоў, якіх ужо і так мала засталося, — канстатуе ён. — Пакуль яшчэ ня ўсе зьехалі. Але калі зацісканьне гаек будзе працягвацца такімі ж тэмпамі, можам страціць самых годных. Таму будучыня залежыць ад нас — і ад тых, хто хоча застацца, і ад тых, хто мае намер „зваліць“. Асабіста ў мяне большая павага да людзей, якія, нягледзячы ні на што, не зьяжджаюць, змагаюцца. Усё ж радней і мілей за сваю старонку ня будзе нідзе, якой бы ні была спакуса».

«Столькі пабыўшы ў крэсьле, любы будзе паводзіць сябе гэтаксама»

Валер Дайнека прызнаецца, што да нядаўняга часу задавольваўся сваім «лякальным раем» — дом, агарод, коцікі-сабачкі, рыбалка. Яшчэ больш самаізалявацца прымусіў «псыхоз» — пандэмія каранавірусу. Нібыта ў краіне яго няма, але нават самыя заўзятыя крытыкі ўмудрыліся перахварэць, іранізуе ён. У цяперашніх умовах адгароджанасьць і маўчаньне сталі недапушчальнай раскошай.

«Песьняры» Ігар Пеня і Валер Дайнека

«Я не заклікаю на барыкады — зразумела, што голымі рукамі мы нічога ня зробім, — працягвае музыка. — Можна абурацца, гаварыць, сьпяваць, але збольшага гэта маральнае заспакаеньне. Тое, што бачым і ў кліпе Ані Шаркуновай. Ніхто нікуды ня кліча, ніякіх майданаў. Пасыл да ўладаў адзін: забясьпечце сумленныя выбары, больш ад вас нічога не патрабуецца. Але калі нічога не рабіць, то грэх потым на нешта наракаць. Свой выбар трэба рабіць. Як выруліць, каб разуменьне гэтага дайшло да насельніцтва, — гэта ўжо тэхналёгіі. Як той казаў, трэба ведаць і ўмець».

Аргумэнты дзейнага кіраўніка краіны, чаму трэба да пасіненьня хапацца за ўладу, былога «песьняра» пакуль ня ўражваюць. Няўзброеным вокам зразумела, што гэта клопат найперш пра сябе.

З калегамі па «Беларускіх песьнярах»

«Я ўважліва праслухаў гутарку Гардона з Лукашэнкам. Ня ўразіла, шчыра скажу. Усё сьлізка, абцякальна, пра ўсё і ні пра што. Так і не зразумеў, у чым сутнасьць. Дзе праўда, дзе пераканаўчыя аргумэнты? Пакуль відавочна толькі тое, што вельмі хочацца застацца на пасадзе. „Вот я не президент. А что делать с утра?“ (з інтэрвію Лукашэнкі Гардону. — РС). Гэта наогул як разумець? Зрэшты, столькі пабыўшы ў крэсьле, напэўна, любы будзе паводзіць сябе такім чынам, асабліва на постсавецкай прасторы», — лічыць Валер Дайнека.

Сёлета альтэрнатыўныя кандыдаты, якія маглі скласьці рэльную канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку, трапілі ў нялёгкую сытуацыю. Хтосьці апынуўся за кратамі, кагосьці прымусілі зьехаць, іншым давялося пачынаць з нуля без аніякага палітычнага досьведу. Парада на будучыню — брацца за справу, усьведамляючы ўвесь шлях аж да фінішу, кажа музыка.

Валер Дайнека

«Калі нешта робіш, павінен прадбачыць вынік у фінале, — перакананы ён. — А як на гарызонце нічога ня бачыш, не адчуваеш, то ўсё можа стаць пустой авантурай. Як паказвае нядаўні досьвед, на рамантычных памкненьнях далёка не заедзеш, асабліва ў нас. Нават ва Ўкраіне, дзе з волевыяўленьнем усё ў парадку, і тое ўзьнікаюць пытаньні. Толк, безумоўна, ёсьць — „варушняк“ неабходны ўсім. Але хочацца, каб і людзі адчулі пазытыўныя зьмены, а ня проста памянялі шыла на мыла. Праўда, пакуль нават гэта не пра нас. Не даюць магчымасьці і паспрабаваць...»

Музычныя экспэрымэнты дыплямаванага альтыста

Валер Дайнека нарадзіўся ў 1951 годзе ў Рудзенску на Меншчыне. Прадоўжыў сямейныя традыцыі. Бацька — дырэктар музычнай школы, харавік-дырыгент. Маці — сьпявачка, брат — піяніст. Паступіў у музычную школу пры менскай кансэрваторыі па клясе скрыпкі, але скончыў як альтыст.

У артыстычнай грымёрцы

Падчас вучобы захапляўся джазавай музыкай, у старшых клясах удзельнічаў у гурце «Мэнэстрэлі», рэпэртуар якога складаўся з твораў у стылі рок-н-рол і рытм-энд-блюз.

Нягледзячы на практычны досьвед, Валер ня змог паступіць у кансэрваторыю і быў прыняты на трэці курс музычнай вучэльні імя Глінкі. Ня кідаючы «Мэнэстрэляў», іграў у эстрадна-джазавым квартэце і аркестры Беларускага радыё і тэлевізіі Барыса Райскага.

Першыя крокі ў «Песьнярах»

З 1972 да 1976 выступаў у ансамблях «Равесьнікі» і ВІА Валянціна Бадзьярава. Пасьля гэтага выправіўся ва Ўкраіну, дзе ў Чарнаўцах з гуртом «Чырвона Рута» акампанаваў Сафіі Ратару.

У 1977-м атрымаў пэрсанальнае запрашэньне ад Уладзімера Мулявіна паспрабавацца ў «Песьнярах». На праслухоўваньне прыйшоў разам зь Лявонам Барткевічам, кастынг вытрымалі абодва. У легендарным калектыве працаваў наступныя 15 гадоў, паралельна скончыў Інстытут культуры па спэцыяльнасьці дырыгент-харавік.

Зь гітарыстам-віртуозм Аляксандрам Растопчыным

У 1989-м Валер Дайнека паўдзельнічаў у сольным праекце гітарыста «Песьняроў» Аляксандра Растопчына ARB, вынікам чаго стаў англамоўны альбом Sweet Freedom. Праз 20 гадоў быў зроблены мастэрынг і дыск выйшаў на студыі «Беларускія песьняры Records».

Пасьля сыходу зь «Песьняроў» засяродзіўся на джазавай музыцы ў аркестры Міхаіла Фінбэрга, а з 1998 году і да гэтага часу працуе ў ансамблі «Беларускія песьняры» са штаб-кватэрай у Маскве. Да ад’езду ў Расею папрацаваў дацэнтам на эстрадным аддзяленьні Менскага інстытуту сучасных ведаў. Дзьве ягоныя дочкі задзейнічаныя ў расейскім шоў-бізнэсе.

ВІА «Песьняры»

У суаўтарстве з Анжэлай Гергель выдаў кніжную сэрыю, прысьвечаную песьняроўскаму закулісьсю: «Тыя, хто ажыўляюць міты», «Песьняры часу свайго», «Песьняры: погляд з будучыні».

У 1990 годзе Валеры Дайнека атрымаў званьне заслужанага артыста Беларусі.