Прылепін: 170 расейцаў, якіх шукаюць у Беларусі, пераправіліся ў трэцюю краіну

Паводле расейскага пісьменьніка, пад кіраўніцтвам якога ў самаабвешчанай ДНР служыла частка расейцаў, затрыманых у Менску, 170 чалавек, якіх цяпер шукаюць у Беларусі, пакінулі яе тэрыторыю.

«Было некалькі груп, можна назваць іх прыватным ахоўным агенцтвам, яны перапраўляліся транзытам празь Беларусь у трэцюю краіну. Адна група, якая павінна была вылецець апошняй, была затрыманая беларускімі ўладамі. Ніякага дачыненьня да Беларусі ці дзейнасьці там гэтыя групы ня мелі, Беларусь была толькі транзытным пунктам», – сказаў ён. Ягоныя словы цытуе «Інтэрфакс».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў пра яшчэ адну групу баевікоў, якіх закінулі на поўдзень Беларусі

Між тым, як яму вядома, астатнія дабраліся да пункту прызначэньня без праблем.

«Тыя 170 чалавек, якіх аб'явілі ў вышук, яны пакінулі Беларусь даўно, дабраліся да трэцяй краіны, дзе выконваюцца задачы. У Беларусі іх няма», – сказаў Прылепін.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі абвясьцілі аб затрыманьні ўначы 29 ліпеня пад Менскам 32 байцоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер», яшчэ адзін чалавек быў затрыманы на поўдні краіны.

Увечары 29 ліпеня прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў тэрміновае пасяджэньне Савета бясьпекі. Інфармацыю аб затрыманьні на ім пацьвердзіў кіраўнік КДБ Валер Вакульчык. Лукашэнка даручыў Вакульчыку зьвярнуцца ў расейскія дзяржорганы па тлумачэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Знайшлі гэтых трох няшчасных дзяўчонак», — Лукашэнка пра Ціханоўскую і паплечніц

Падчас пасланьня да народу і парлямэнту 4 жніўня Лукашэнка сказаў, што яшчэ адна група «баевікоў прыехала на поўдзень Беларусі».

МЗС РФ у мінулы чацьвер заявіў, што «адыёзная трактоўка» беларускім бокам затрыманьня грамадзян Расеі не вытрымлівае ніякай крытыкі, і запатрабаваў ад Менску неадкладна забясьпечыць доступ консульскіх супрацоўнікаў да затрыманых расейцаў.

30 ліпеня Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што будзе ініцыяваць пытаньне экстрадыцыі затрыманых. 31 ліпеня МЗС Беларусі перадаў Кіеву сьпіс затрыманых.