У Легніцы на захадзе Польшчы невядомыя выкралі скульптуру савецкага маршала Канстанціна Ракасоўскага, паведамляе мясцовая польская прэса.
Паліцыянтам удалося знайсьці статую з адпілаванай галавой. Вядуцца пошукі зламысьнікаў і зьніклых фрагмэнтаў.
Помнік Ракасоўскаму стаяў каля муніцыпальных могілак салдатаў Чырвонай арміі. Скульптура зьяўлялася часткай экспазыцыі легніцкага Музэя медзі.
Канстанцін Ракасоўскі нарадзіўся ў 1896 годзе ў Варшаве. У складзе расейскай арміі ўдзельнічаў у Першай сусьветнай вайне. У 1917-м стаў добраахвотнікам Чырвонай гвардыі. Адзіны ў СССР маршал дзьвюх дзяржаў: Савецкага Саюзу і Польшчы.
Канстанцін Ракасоўскі (у цэнтры) у якасьці кансультанта ваеннага фільму, 1967 год
У 1937 годзе быў арыштаваны ў СССР і рэпрэсаваны. Яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з польскай выведкай. У 1940-м адноўлены на службе і стаў адным з галоўных палкаводцаў Другой сусьветнай вайны. Камандаваў парадам Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве.
Фігура Ракасоўскага выклікае неадназначную рэакцыю ў Польшчы. З аднаго боку, войскі 1-га Беларускага фронту, якімі ён камандаваў, вызвалілі краіну ад нацыскай акупацыі. З другога боку, ваеначальнік быў заўзятым сталіністам і пасьля вызваленьня Польшчы прадстаўляў у краіне акупацыйны савецкі рэжым.