Зорка «Зьнесеных ветрам» была таксама вядомая сваёй барацьбой за зьмену кантрактнай сыстэмы ў Галівудзе.
Галівудзкая зорка, акторка Алівія дэ Гэвілэнд, памерла ў сьне ў сваім доме ў Парыжы. Ёй было 104 гады. Апошняя з прадстаўнікоў залатога веку Галівуду (1930–1950-я гады), яна стала і апошняй з выканаўцаў галоўных роляў у гістарычнай ваеннай мэлядраме «Зьнесеныя ветрам» (Gone With the Wind), у якой грала Мэлані Гамільтан (кволую самаахвярную жонку Ўілкса, адзіны буйны пэрсанаж, які памёр у фільме).
Фільм, зьняты паводле раману Маргарэт Мітчэл (1936), быў выпушчаны ў пракат у сьнежні 1939 году і неўзабаве стаў ляўрэатам прэміі «Оскар» у дзесяці намінацыях.
Алівія дэ Гэвілэнд нарадзілася 1 ліпеня 1916 годзе ў Токіё, дзе яе бацька выкладаў у брытанскім каледжы. Пасьля разводу бацькоў яна разам разам з маці і сястрой пераехала ў Каліфорнію. Прапанову першага кантракту атрымала ў 18 гадоў ад студыі Warner Brothers.
За гады прафэсійнай кар'еры Алівія дэ Гэвілэнд заваявала дзве прэміі «Оскар» за фільмы «Кожнаму сваё» (1946) і «Спадчыньніца» (1949), двойчы станавілася ляўрэаткай прэміі «Залаты глобус». На Галівудзкай алеі ў Лос-Анджэлесе ёсьць яе зорка.
Апошняй карцінай, у якой зьнялася дэ Гэвілэнд, стала карціна «Пяты мушкетэр» (1979).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: HBO вярнуў «Зьнесеных ветрам» з камэнтаром для праглядуДзякуючы сваёй зьнешнасьці акторка атрымлівала рамантычныя ролі, нягледзячы на імкненьне да больш складаных акторскіх задач. Яе расчараваньне прывяло да таго, што яна падала ў суд на кампанію Warner Bros. у 1943 годзе, калі студыя хацела пакінуць яе на кантракце пасьля яго заканчэньня, сьцьвярджаючы, што яна павінна прапрацаваць яшчэ паўгода з прычыны адмоў ад роляў.
Апэляцыйны суд у Каліфорніі вынес рашэньне на яе карысьць, пастанавіўшы, што студыя ня можа працягваць кантракт бяз згоды выканаўцы. Рашэньне суду дагэтуль неафіцыйна называецца «законам дэ Гэвілэнд».