Францыя часова адмовілася ад удзелу ў апэрацыі NATO ў Міжземным моры

Ілюстрацыйнае фота

Францыя абвясьціла аб прыпыненьні ўдзелу ў ваенна-марской апэрацыі NATO ў Міжземным моры пасьля супрацьстаяньня з турэцкім вайсковым караблём каля берагоў Лібіі.

Міністэрства абароны Францыі паведаміла, што ў аўторак урад накіраваў ліст у NATO, у якім заявіў пра «часовае» спыненьне ўдзелу ў апэрацыі «Марскі вартаўнік» (Sea Guardian).

Парыж абвясьціў пра гэта пасьля таго, як сьледчыя NATO прадставілі справаздачу пра інцыдэнт 10 чэрвеня. Прадстаўнік міністэрства паведаміў, што Францыя хоча, каб чальцы NATO «ўрачыста пацьвердзілі сваю прыхільнасьць» эмбарга на пастаўкі зброі ў Лібію, якое забясьпечваецца ў тым ліку з дапамогай ваенна-марской апэрацыі ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайскоўцаў ЗША перакінуць бліжэй да беларускіх межаў

Францыя заявіла, што яе фрэгат «Курбэ» тройчы «засьвечваўся» турэцкім радарам гарматнай наводкі, калі спрабаваў наблізіцца да грамадзянскага судна пад танзанійскім сьцягам, падазраванага ў датычнасьці да гандлю зброяй. Судна суправаджалася трыма турэцкімі вайсковымі караблямі. Пасьля канфрантацыі «Курбэ» адступіў.