Кантрабандысты Пясецкага і лекцыя пра беларускія напоі. Беларускае жыцьцё онлайн на гэтым тыдні

Нефармальны карантын працягваецца. Сабралі для вас самыя цікавыя онлайн-актыўнасьці на тыдзень з 22 па 28 чэрвеня.

«Літаратары на карантыне»

У праекце Радыё Свабода на працягу бліжэйшых месяцаў можна паслухаць і паглядзець чытаньні ад вядомых беларускіх аўтараў — паэтаў, празаікаў, эсэістаў і перакладчыкаў. На гэтым тыдні для вас чытаюць:

  • 23 траўня, 19:00 — беларуская ўкраінскамоўная пісьменьніца Наталка Бабіна чытае фрагмэнт сваёй кнігі «Бодай, будка».
  • 25 траўня, 19:00 Севярын Квяткоўскі чытае фрагмэнт свайго раману «Каларадзкая пушча».
  • 27 траўня, 19:00 — пісьменьнік і перакладчык Павал Касьцюкевіч чытае ў сваім перакладзе з іўрыту фрагмэнт раману Мэндэлэ Мойхер Сфорыма «Падарожжы Бэньяміна Трэцяга».
  • 28 траўня, 19:00Сяргей Дубавец чытае і камэнтуе свой пераклад кнігі Станіслава Шумскага «У бітвах і вязьніцах». Гэта сёмы фрагмэнт сэрыі, якая зьяўляецца на каналах Свабоды па нядзелях. У гэтай сэрыі — пра Касьцюшку, Зайчыка і Сьвінку.
  • Усе чытанні праходзяць на нашым YouTube канале Свабода Падкасты.

«Тут быў Шагал»

Галерэя «Арт-Беларусь» прапануе ўбачыць, як цяпер выглядае калекцыя Белгазпромбанка. Месца карцін, якія далучылі да крымінальнай справы, занялі незвычайныя сымбалі. Відэа дапаможа разабрацца ў творчасьці Шагала і Суціна і зразумець, чаму «Ева» стала сымбалем свабоды самавыяўленьня.

«Гадзіна смутку і маўчання»

Так называецца фільм-выстава фатографа Ўладзіміра Сапагова, створаны Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Цэнтрам даследваньняў грамадзянскай супольнасці Беларусі. Фільм паказвае мітынг 26 красавіка 1989 года, прысьвечаны Чарнобыльскай катастрофе.

«У 1989 годзе тэма Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі прагучыць надзвычай востра і актуальна. Улады будуць змушаныя распачаць сур’ёзныя дзеяньні па зьмяншэньні наступстваў ядзернай катастрофы. Выстава набывае надзвычайную актуальнасьць і сымбалізм зараз, напярэдадні пуску Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, заплянаваным на пачатак ліпеня,» — адзначаецца ў апісаньні.

Убачыць нумізматычныя калекцыі

Нацыянальны гістарычны музэй працягвае відэа-знаёмствы са сваімі экспанатамі. У чарговым выпуску можна ўбачыць адзін з найбольш адметных нумізматычных комплексаў, што ўваходзіць у экспазыцыю «Ад рымскага дынарыя да беларускага рубля».

Навучыцца рабіць выцінанку

Онлайн майстар-кляс па выцінанцы ад Натальлі Сухой ладзіць арганізацыя «Традыцыя». Удзельнічаць могуць і дзеткі, і дарослыя. Ніякіх ведаў не патрабуецца, дастаткова мець пару інструмэнтаў, кшталту нажніц, клей, а таксама добры настрой!

Онлайн-спэктакаль ад Свабоднага тэатру

Беларускі Свабодны тэатар працягвае заставацца на самаізаляцыі і паказваць сваю онлайн-прэм’еру — спэктакаль «Школа для дураков» паводле аднайменнага раману Сашы Сакалова. Чарговы паказ спэктаклю адбудзецца ў чацьвер 25 чэрвеня а 20:00. Каб паглядзець, неабходна зарэгістравацца праз гугл-форму.

Лекцыя пра беларускія напоі

Цэнтар гарадзкога жыцьця ў Горадні працягвае цыкль «Адкрытыя лекцыі ў часе пандэміі».

«Гісторык Андрэй Вашкевіч занурыўся ў канец XIX стагодзьдзя і захапляльна апавядае: што з сябе ўяўляў чарачны водкуп расейскіх уладаў; чаму чыноўнікі апячатвалі кожны самагонны апарат; наша гарэлка была добрая, але найбольш цанілася замежная, асабліва гданьская, тая што з залатым лістом; хто ў Гродне гнаў гарэлку з разынак — малагу; чаму віно гэта вам не віно, а гарэлка гэта вам не "водка"; якая была смачней: белагалоўка ці чырвонагалоўка,» — адзначаюць у апісаньні.

«Творчая кухня» з пісьменніцай Ганнай Янкутай

У супольным праекце «Беларускага ПЭН-цэнтру» і Эўрарадыё можна пазнаёміцца з творчасьцю беларускай перакладчыцы і пісьменьніцы Ганны Янкуты.

«Ганна раскажа пра тое, як зрабілася пісьменьніцай для дзяцей, пра кнігі, галоўны герой якіх Кот Шпрот. Увагай ня будзе абмінутая перакладчыцкая дзейнасьць Ганны і апошнія некалькі кніг у ейным перакладзе. Таксама абмяркуем разам лёс часопіса перакладной літаратуры "ПрайдзіСьвет". Ганна пачытае ўрывак з кнігі "Пыха і перадузятасьць" Джэйн Остэн, вершы Георга Гайма,» — значыцца ў апісаньні.

Сустрэча адбудзецца 23 чэрвеня а 19-й гадзіне ў сацыяльных сетках.

«Санаторый пад клепсыдрай»

Падчас восьмай сустрэчы Андрэй Хадановіч паразмаўляе з перакладчыцай двух раманаў Сяргея Пясецкага Марыяй Пушкінай.

«Як жылі кантрабандысты ў час, калі Менск і Ракаў належалі розным краінам? Як Ракаў зрабіўся месцам, дзе працавалі сто рэстаранаў і кавярняў з аркестрам? Як астраномія дапамагае ў крымінальным бізнэсе і ў каханьні? Як зацяты антысаветчык "улез у скуру" афіцэра Чырвонай арміі і што з гэтага выйшла? Чаму "менская" трылёгія так напраўду называецца "зладзейскай" і што трэба ведаць пра Менск — крымінальную сталіцу рэгіёну?» — пра гэта і ня толькі абяцаюць расказаць падчас сустрэчы, якая распачнецца 23 чэрвеня а 17-й гадзіне на старонцы Польскага інстытуту ў Менску.

Паглядзець дакумэнталку пра Быкава

Да дня нараджэньня пісьменьніка Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры падзяліўся запісам дакумэнтальнага фільму «Радаваньне пра Васіля», створаным пры падтрымцы кінастудыі «Беларусьфільм».