«І трывожна, і без турыстаў — ніяк». Што адбываецца на Браслаўшчыне, дзе хворых на COVID-19 паболела ўтрая і ўвялі масачны рэжым

Што адбываецца ў Браслаўскім раёне, дзе за месяц колькасьць выпадкаў заражэньня каранавірусам вырасла больш чым утрая — у рэпартажы Свабоды.

У самым пачатку лета эпідэмічная сытуацыя на Браслаўшчыне пагоршылася. Гэтым галоўны санітарны доктар Браслаўскага раёну Вольга Рудакова патлумачыла ўвод з 8 чэрвеня дадатковых захадаў засьцярогі, у тым ліку — абавязковага масачнага рэжыму ў грамадзкіх месцах.

Новую статыстыку ў рэгіёне агучылі толькі 17 чэрвеня. Паводле афіцыйнай інфармацыі, зафіксавалі 89 выпадкаў інфікаваньня каранавірусам, 45 чалавек ачунялі, іх выпісалі. У раённай лякарні цяпер знаходзяцца 7 чалавек з дыягназам «пнэўманія».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Браслаўскім раёне за месяц хворых на COVID-19 паболела ўтрая. Увялі масачны рэжым

Да гэтай пары апошнія зьвесткі з Браслаўскага раёну падавалі за 25 траўня. Ішлося пра 29 выпадкаў COVID-19.

У райвыканкаме сытуацыю дадаткова камэнтаваць адмовіліся, а галоўны санітарны доктар Браслаўскага раёну наконт усіх пытаньняў параіла зьвяртацца ў Міністэрства аховы здароўя.

«Сэзон будзе складаным»

Апошні тыдзень у Браславе стаіць сьпякота. І турыстаў на гарадзкім пляжы на беразе найбольшага ў рэгіёне возера Дрывяты даволі шмат нават у будні. На паркоўцы праз дарогу — машыны пераважна зь менскімі нумарамі. Калі сьпёка захаваецца, на выходныя турыстаў будзе яшчэ больш.

Павел і Натальля звычайна адпачываюць ва Ўкраіне. Сёлета з кампаніяй зьнялі дамок у цэнтры Браслава на некалькі дзён. Штодня бавяць час на гарадзкім пляжы.

«Зь дзецьмі далёка ня пойдзеш. А тут — возера вялікае, цёплае. Калі межы не адкрыюць, магчыма, яшчэ вернемся», — кажа Павел.

Да сытуацыі ў горадзе маладзён ставіцца спакойна.

«Патраціліся на маскі», — кажа ён. Паводле абвестак, пакупнікоў без індывідуальных сродкаў аховы ў крамах не абслугоўваюць.

У сьпёку больш людзей на возера прыходзіць пасьля дзясятай. Кавярня «Plage» на беразе пачынае працу аб адзінаццатай. Сёлетні, трэці для іх сэзон стартаваў 4 чэрвеня.

«Раней адкрывацца не было сэнсу, — адзначае адзін з уладальнікаў кавярні Ўладзімер Урублеўскі. — Турысты сядзяць у аграсядзібах. Многія гуляюць, але ў закрытае памяшканьне ісьці ня хочуць».

Уладзімер Урублеўскі

Афіцыянты працуюць у масках, а сталы на адкрытых тэрасах сэзоннай кавярні стаяць за паўтара мэтра. Пакуль надвор’е захоўваецца, зьяўляюцца наведнікі. Аднак суразмоўца адзначае, што сэзон будзе складаным.

«Цяпер мы ня ведаем, як плянаваць лета. Сэзон у Браславе кароткі і залежны ад надвор’я. Нам важныя кожныя выходныя. Звычайна іх расьпісвалі ўжо пасьля новага году», — адзначае Ўладзімер. У мінулыя гады пры кавярні ладзілі гучныя вечарыны і канцэрты да позьняй ночы, на якія зьбіраліся да некалькіх сотняў чалавек. Сёлета працоўны дзень кавярні абмежаваны 11-й гадзінай вечара. Скараціць давялося і штат — даюць рады некалькі афіцыянтаў.

«Інфармацыю замоўчваюць, і гэта насьцярожвае»

На вуліцах Браслава людзей у масках зусім няшмат. Іх надзяюць перад уваходам у краму.

«Віталіч» — адзін з папулярных у Браславе гандлёвых цэнтраў. Тут заўсёды шмат пакупнікоў. Браслаўчанка Вольга выходзіць з крамы і здымае маску.

«Сытуацыя мяне раззлавала, — жанчына камэнтуе рашэньне мясцовай улады ўзмацніць масачны рэжым. — Гэта трэба было зрабіць нашмат раней, яшчэ да таго, як пачалося пашырэньне вірусу і ў горад паехалі турысты з розных рэгіёнаў. Інфармацыю замоўчваюць, і гэта насьцярожвае. Неафіцыйныя крыніцы кажуць пра вялікую колькасьць інфікаваных, а ў бальніцы сьцьвярджаюць, што ўсё добра».

Вольга ўпэўненая, што ўжо перахварэла на каранавірус у сакавіку. У яе была бессымптомная пнэўманія. Да лекара жанчына зьвярнулася толькі таму, што тэмпэратура 37,4 трымалася доўга. Праз тры дні захварэла сьвякроў, праз тыдзень — старэйшы сын. Бальнічны ліст ёй закрылі праз 10 дзён. З словаў жанчыны, яшчэ тры тыдні яна хадзіла з тэмпэратурай.

«На маю думку, вірус толькі набірае абароты. Цяпер — у малых гарадах, — кажа мужчына, які назваўся Алегам. — Райвыканкам увёў масачны рэжым. Гэта правільнае рашэньне. Лепей позна, чым ніколі. Лета, цёпла, людзі расслабіліся. Турысты — няхай едуць. Яны толькі ў крамы ідуць. Адпачываюць у сядзібах. А мясцовым — заробак. Іншымі словамі, і трывожна, і без турыстаў — ніяк».

«Будзем спадзявацца на сумленнасьць турыстаў»

«Я не адчуваю, што ў горадзе бясьпечна, — кажа маладая жанчына. Яна таксама сьпяшаецца ў краму і пры ўваходзе надзяе маску. — Я магу заставацца дома зь дзецьмі. Ужо некалькі месяцаў яны ня ходзяць у садок. Вядома, мы гуляем, купаемся. Шукаем аддаленае месца. Альбо ідзем на маленькі пляж на возеры Бярэжжа, куды рэдка даяжджаюць турысты. Мне здаецца, гараджане адказна ставяцца да сытуацыі. Будзем спадзявацца і на сумленнасьць турыстаў».

«Сытуацыя ў горадзе насьцярожвае, — кажа Іван, які прыехаў у Браслаў у справах. — Шмат людзей і масачны рэжым. Я разумею, што эканоміка рэгіёну пабудаваная на турызьме. Але трэба берагчы людзей, а не эканоміку. Лепей закрыць усё. Але ніхто нічога ня робіць. Можам яшчэ ўбачыць наступствы гэтага сэзону».

Лета бязь Viva Braslav

Многія гараджане былі занепакоеныя правядзеньнем у ліпені музычнага фэстывалю Viva Braslav. Гэта самая маштабная падзея ў горадзе — летась яе наведалі больш за 26 тысяч чалавек, амаль удвая больш за насельніцтва Браслава. 17 чэрвеня арганізатары афіцыйна абвясьцілі аб пераносе фэсту на 2021 год.

«Апошнім часам мы працавалі ў двух кірунках. У нас, як і ў большасьці людзей, была надзея, што да лета сытуацыя з каранавірусам палепшыцца, і фэстываль адбудзецца, — камэнтуе адзін з заснавальнікаў Viva Braslav Яўген Лабуць. — Аднак з кожным днём мы надавалі больш увагі пераносу. Канчатковае рашэньне нашая каманда прыняла з шэрагу прычынаў. Безумоўна, пандэмія — адзін з асноўных момантаў».

Яўген Лабуць

Яўген адзначае, што перанос фэстывалю — справа няпростая і, безумоўна, стратная.

«Як мы з гэтым будзем жыць, пакуль незразумела. Пэўныя стратэгіі маем, — прызнаецца ён. — Затое атрымаецца супэркрутая падзея. Два гады будзем да яе рыхтавацца».

Выключная для Браслава колькасьць турыстаў падчас Viva Braslav забясьпечвала добры прыбытак для мясцовай сфэры паслуг. Шукаць жыльлё ў фэстывальныя дні ў горадзе і ваколіцах было бессэнсоўна — рэзэрвавалі за шмат месяцаў наперад. Фэстываль — дадатковая ўвага да рэгіёну.

У сёлетняй сытуацыі Яўген таксама не выключае турыстычнага сэзону.

«З аднаго боку, у час віруснай небясьпекі хацелася б трымаць максымальную сацыяльную дыстанцыю. Зь іншага — гэта добры шанец паказаць патэнцыял рэгіёну. Беларусы ня маюць звычкі адпачываць у краіне», — кажа ён.

Прыяжджаюць сем’ямі і на працяглы тэрмін

Мінакоў у будзень у Браславе няшмат. Больш загружаныя дарогі — турысты прыяжджаюць на машынах альбо на пляж, альбо на шопінг. У горадзе адзначаюць, што сёлета найбольш запатрабаваны адпачынак у навакольных аграсядзібах. Найчасьцей шукаюць ціхае месца з выхадам да возера, дзе ёсьць інтэрнэт і магчымая дастаўка прадуктаў. Асаблівы попыт на бюджэтныя варыянты адпачынку, бо турысты застаюцца на працяглы тэрмін.

Эмілія Варнэль у агратурызьме больш за дзесяць гадоў. У Пушкарышках за пяць кілямэтраў ад Браслава яна разам з мужам трымае сядзібу «Хутарок ля возера» на беразе возера Рака.

На сёньня вольных месцаў у сядзібе няма. Адзін з трох дамоў на месяц арандавала маладая сям’я. У двух астатніх дамах турысты правядуць прынамсі дзесяць дзён.

«Лета ўжо амаль цалкам занятае, — кажа гаспадыня. — Гэта здарылася літаральна за апошні месяц. Званкоў дагэтуль вельмі шмат. І, на жаль, многім даводзіцца адмаўляць».

Эмілія Варнэль

З словаў Эміліі, звычайна ў сядзібе адпачываюць шмат расейскіх турыстаў. Яны пачынаюць рэзэрваваць адпачынак яшчэ ў студзені. Сёлета просяць не здымаць рэзэрвацыю на ліпень і жнівень — не пакідаюць надзеі прыехаць. Аднак давядзецца неўзабаве вызначацца, бо попыт на адпачынак сярод беларусаў цяпер надзвычай высокі.

Паміж заездамі гаспадыня стараецца рабіць перапынак хаця б на адзін дзень — для больш дасканалай прыборкі. Паводле яе, гаспадары сядзібаў, якія жывуць з турыстамі на адной тэрыторыі, для большай бясьпекі вытрымліваюць паўзу ў некалькі дзён.

«Турыстаў шмат, праверак — таксама»

Каля прыдарожнай кавярні з выглядам на Дрывяты ўвесь час спыняюцца аўтамабілі. Пасьля закрыцьця межаў латышоў і літоўцаў сярод наведнікаў няма, затое зьявіліся беларускія турысты, адзначае гаспадыня Юлія Абразей.

«Турыстаў шмат, праверак — таксама, — апавядае яна пра сэзонную працу ва ўмовах каранавірусу. — Ёсьць рашэньне прыняць дадатковыя захады. Але інфармацыя, што насамрэч адбываецца ў рэгіёне, недаступная. Улада ў чарговы раз пераклала адказнасьць на бізнэс. У нас у продажы цяпер маскі і антысэптыкі. Нас абавязалі прапаноўваць іх турыстам. Пасьля правяраюць, як мы выконваем наказы».

З словаў Юліі, шмат хто з прадпрымальнікаў стаміўся ад няпэўнасьці, якая доўжыцца ўжо некалькі месяцаў. У складаны час, калі наведнікаў зусім не было, прыватны бізнэс не падтрымалі, а цяпер — новыя патрабаваньні, выконваць якія трэба ўласным коштам.

«Так, турысты ёсьць. Нібыта мы зарабляем. Але ўся гэтая сытуацыя штодзень дастае з майго бюджэту каля 50 рублёў, — кажа яна. — Ніхто ня лічыць, што сваім коштам мы мусім набываць маскі для пэрсаналу, каб мяняць іх кожныя дзьве гадзіны. 10 параў пальчатак раней каштавалі два з паловай рублі. Цяпер іх мяняем праз адну-дзьве гадзіны, а цана адной пары вырасла да 99 капеек. Падлогу і паверхні цяпер мусім апрацоўваць адмысловымі антысэптыкамі, пяць літраў якога каштуе больш за пяцьдзясят рублёў. Іх не хапае нават на тыдзень».

Нягледзячы на фінансавыя складанасьці, Юлія была сярод першых, хто адгукнуўся на дапамогу браслаўскім мэдыкам — яшчэ напярэдадні летняга сэзону і пагаршэньня сытуацыі з каранавірусам.

Гэта публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ