У Воршы затрымалі крымінальнага аўтарытэта, які браў у прызыўнікоў хабар за адтэрміноўку ад службы 

Як паведамляе тэлеграм-канал МУС Беларусі, супрацоўнікі ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй затрымалі так званага «смотрящего» за Воршай. Судзімы за крадзеж, угон і хуліганства 36-гадовы мужчына падазраецца ў падбухторваньні да дачы хабару і махлярстве.

Паводле інфармацыі сьледзтва, да яго зьвярнуўся сваяк аднаго з прызыўнікоў з просьбай вырашыць пытаньне аб адтэрміноўцы вайсковай службы. «Аўтарытэт» пагадзіўся і сказаў, што за 500 даляраў камісарыят выдасьць хлопцу ваенны білет. Малады чалавек перадаў грошы, а затым распавёў пра «паслугу» яшчэ аднаму прызыўніку. Той таксама «купіў» адтэрміноўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У пагоні за «палкамі». Як цыганскі барон адправіў на зону міліцыянтаў і сьледчага

Неўзабаве маладых людзей мабілізавалі. Зразумеўшы, што іх падманулі, яны зьвярнуліся ў праваахоўныя органы. Высьветлілася, што грошы падазраваны прысвоіў і выдаткаваў на ўласныя патрэбы.

У выніку апэратыўнікі злавілі аршанца падчас атрыманьня чарговага хабару за «рашэньне» аналягічнага пытаньня. Заведзеная крымінальная справа за падбухторваньне да дачы хабару і махлярства. Мужчыну арыштавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турма, мужчына і жанчына. Моўная зона. Мат і «феня»

Цяпер праваахоўнікі выяўляюць іншых ахвяраў падману. Удакладняецца, што асоба, якая дала хабар, вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці, калі мела месца вымагальніцтва альбо чалавек добраахвотна заявіў аб зробленым.