У пункце часовага разьмяшчэньня ў Дагестане на мяжы з Азэрбайджанам раніцай 16 чэрвеня адбыліся сутычкі паміж паліцыянтамі і грамадзянамі Азэрбайджану, паведамляе тэлеканал «Настоящее время». Паліцыя затрымала каля 90 чалавек.
Сотні азэрбайджанцаў затрымаліся ў Расеі праз пандэмію каранавірусу і спрабуюць вярнуцца дадому. Загадчык аддзелу зьнешняй палітыкі адміністрацыі прэзыдэнта Азэрбайджану Хікмэт Гаджыеў паведаміў аб плянах эвакуацыі звыш 150 азэрбайджанскіх грамадзян праз сухапутную мяжу з Дагестанам.
Канфлікт пачаўся вечарам 15 чэрвеня. Азэрбайджанцы атрымалі сьпіс з імёнамі 120 чалавек, якім дазволілі перасекчы мяжу і вярнуцца дадому. Усяго на мяжы каля 600 чалавек. Тыя, хто ня трапіў у сьпіс, пачалі пратэставаць. Як піша «Каўкаскі вузел», частка пратэстоўцаў накіравалася да мяжы, аднак іх разагналі супрацоўнікі Расгвардыі і паліцыянты, ужыўшы дубінкі і сьлезацечны газ.