«Хаджу пешшу, пішу на Facebook». Найстарэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда пра самаізаляцыю

Барыс Хамайда

Вядомы апазыцыянэр Барыс Хамайда цягам 23 гадоў амаль штодня выходзіў у цэнтар Віцебску і распаўсюджваў незалежную прэсу. Ён стаяў у адным і тым жа месцы каля «сіняга дома» — так віцябляне называюць будынак насупраць амфітэатра, які доўгі час быў пафарбаваны ў насычаны сіні колер, хаця дом ужо зь дзясятак гадоў белы.

Сёлета Барыс Хамайда абвясьціў карантын і ўжо два месяцы знаходзіцца ў самаізаляцыі. Свабода пацікавілася, чым ён займаецца дома.

«Мяне хвалюе лёс нашых дактароў. З балячкамі трэба пачакаць»

— Спадар Барыс, як вашае самаадчуваньне?

— Адчуваю я сябе паводле пашпарта. Гэта азначае, мне 72 гады. Але больш-менш, дзякуй Богу, пакуль нічога.

— Даўно вы самаізаляваліся?

— Я ў прынцыпе не зьбіраўся ісьці на карантын. Лічыў так: што будзе, то будзе. Але сябры мяне пераканалі. Сказалі, што я ня мушу рызыкаваць. Я зь імі пагадзіўся. 25 сакавіка я апошні раз прыйшоў да «сіняга дома». Пастаяў там са сьцягам, на якім было напісана «Беларусь перадусім!» І пасьля гэтага сышоў. Але я ня думаў, што гэта так доўга будзе цягнуцца — некалькі дзён засталося да двух месяцаў.

— Як лічыце, ці мясцовыя ўлады робяць дастатковыя захады для бясьпекі гараджан?

— За некалькі дзён перад тым, як пайсьці на карантын, я выйшаў з плякатам, што ў Беларусі няма легітымнай улады, таму я асабіста ад сябе абвяшчаю ў горадзе 30-дзённы карантын. Можа, нехта з чыноўнікаў і хацеў нешта зрабіць, але ўсе ж глядзяць, як там у Менску, што там галоўны кажа. Мы павінны спадзявацца толькі на саміх сябе.

Мяне хвалюе лёс нашых дактароў, усяго мэдыцынскага пэрсаналу. Яны на пярэднім краі, змагаюцца, ім вельмі цяжка. Іх варта падтрымаць. Апошнія гады на мэдыцыну мізэр нейкі давалі. Трэба не будаваць лядовыя палацы, а выдаткоўваць на мэдыцыну. Тут праблем шмат. У нас на Маркаўшчыне (адзін са старых раёнаў Віцебску. — РС) другі дзясятак гадоў рамантуюць старую гарадзкую клініку. Паліклініка толькі працуе. Але што цяпер ісьці да дактароў? Са сваімі балячкамі трэба ўвогуле пачакаць.

— Вы раней казалі, што маеце асаблівае стаўленьне да дактароў яшчэ зь дзяцінства...

— Так. Мой тата быў цырульнікам. Калі ён прыйшоў з фронту, уладкаваўся ў шпіталь для інвалідаў вайны. Яму далі пакойчык у бараку, дзе жыў увесь мэдпэрсанал. Я там нарадзіўся і фактычна 11 гадоў жыў сярод дактароў. Таксама лекары выратавалі маю маці, калі я зьяўляўся на сьвет — нарадзіўся «ў кашулі», казалі яны. Дактары прыносілі маці ежу, каб яе падтрымаць. Нават пячонку прыносілі. Яна вялікую ролю ў маім жыцьці адыграла. Праз гэта шанаваньне і асаблівая павага да людзей у белых халатах.

— Ці здараліся яшчэ выпадкі, якія прымушалі вас так доўга не выходзіць да «сіняга дома»?

— Толькі хвароба. Гэта было ў 2009 годзе, калі мне рабілі апэрацыю. Тады я месяцы два не выходзіў. А так не. Такіх працяглых перапынкаў не было. Бывала, прастуджваўся, але празь некалькі дзён звычайна выходзіў. Альбо калі мяне садзілі на суткі. Добра, што гэта здаралася ня так часта.

«Сябры дапамаглі зарэгістравацца ў „Фэйсбуку“. Цяпер я не адзін»

— Як цяпер праходзіць ваш дзень? Ці ўдаецца падтрымліваць фізычную форму?

— Вялікую частку жыцьця я кладуся прыкладна а дзясятай, падымаюся а шостай. Мне будзільнік не патрэбен. Ужо гадоў 40, з далёкага 1978 году, кожны дзень раніцай, акрамя суботы і нядзелі, хаджу пешшу. Я падымаюся, зарадку раблю і іду ў бок гораду. Я жыву на самай ускраіне Віцебску — тут заводы, раён называюць пралетарскім. Раней я хадзіў пяць кілямэтраў. Цяпер мне цяжкавата стала, хаджу толькі тры. Гэта ўжо звычка. Калі не прайшоў, мне нечага не хапае. Потым вяртаюся дахаты, гатую кашу, гарбату ці каву. У звычайныя дні пасьля сьняданка ехаў да «сіняга дома». Да цэнтра ад мяне — 30 хвілін на трамваі, пасьля ад прыпынку пешкі хвілін 20. Цяпер гэтага няма.

Учора кватэру прыбіраў. Сёньня асаблівай працы няма — пасядзеў за кампутарам. Раней у мяне кампутара не было. А тут зьявіўся — сяброўка паехала за мяжу, а мне аддала шмат беларускіх кніжак, якія я зьбіраўся ля «сіняга дома» распаўсюджваць, і свой стары кампутар. Спачатку чытаў Свабоду, «Хартыю», выходзіў на «Ютуб». А тут карантын пачынаецца. Папрасіў сяброў, яны дапамаглі зарэгістравацца ў «Фэйсбуку». Цяпер я не адзін. У «Фэйсбуку» шмат сяброў.

— Ці займаецеся нечым, на што раней бракавала часу?

— Трошкі пішу — успаміны, развагі, каб зьмясьціць гэта на сваёй старонцы. Спачатку пішу на паперы. У мяне звычка такая. Трэба добра валодаць беларускай мовай. Як жа — выставіць людзям? У мяне ёсьць слоўнікі. Засталіся з часоў, калі я працаваў рэдактарам газэты «Выбар» (адно зь першых дэмакратычных выданьняў у Віцебску. Выходзіла з 1991 па 2005 год. — РС). Калі яна перастала выходзіць, я ўсё, што тычыцца беларускай мовы, забраў.

Пісаньне займае шмат часу. Калі я хадзіў да «сіняга дома», такой магчымасьці не было. А дзясятай сыходзіш, вяртаесься а трэцяй. Пакуль згатуеш ежу, вечар надыходзіць, ужо і сілаў няма. А тут цэлы дзень сяджу ў хаце. Мне сябры прапаноўвалі пісаць мэмуары пра падзеі каля «сіняга дома». Але ня хочацца. Можа, яшчэ прыйдзе час. Пакуль спрабую на «Фэйсбуку» нешта прыгадваць.

Я і да гэтага шмат чытаў. У мяне свая бібліятэка ёсьць маленькая. Цяпер перачытваю Даўлатава.

— Куды яшчэ выходзіце, акрамя ранішніх прагулак?

— У краму хаджу. Гэта неабходна. Крама тут недалёка — мэтраў 50-100. Па нядзелях я хаджу ў царкву (грэка-каталіцкая царква Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Віцебску. — РС). Я яшчэ ні разу набажэнства не прапусьціў. Маску надзяваю, калі заходжу ў трамвай. Царква ад майго дома далёка. Цяпер ня вельмі зручна стала дабірацца, але гэта часова. У Віцебску будуюць новы мост, таму трамваі ня ходзяць. Мне даводзіцца даяжджаць да цэнтру і ісьці яшчэ з два кілямэтры пешшу. У царкве нас цяпер няшмат зьбіраецца — чалавек 10.

— Кожнае лета вы з парафіяй хадзілі ў пілігрымкі. Ці плянуеце выправіцца сёлета?

— Так. Я налічыў 25 пілігрымак за апошнія 7 гадоў. У розныя мясьціны. Колькі я прайшоў беларускіх вёсачак! Калі ў першую пілігрымку пайшоў, былі нейкія сумненьні, хоць я і натрэнаваны пешшу хадзіць. Але прайшоў, усё добра. Гэта была першая пілігрымка зь Віцебску ў Полацак. Штогод нашая парафія ходзіць да Сафійскага сабора. Падчас пешых пілігрымак я быў і ў Глыбокім, і ў Браславе, і ў Росіцы. Некалькі разоў былі роварныя пілігрымкі. Тры разы я езьдзіў зь Віцебску ў Будслаў — 4 дні ехалі на роварах. У мяне ровар старэнькі, Менскага велазаводу. Я яго набыў у 1986 годзе. У ім розныя пэдалі. Я жартую, сябрам кажу, што ён шматхуткасны. Цяпер стаіць у падвале.

Пяць пілігрымак плянаваў сёлета прайсьці, але пандэмія ўсё зблытала.

На фота, зробленых віцебскім фатографам Уладзімерам Базанам, Барыс Хамайда піша беларускую дыктоўку каля «сіняга дома» пад наглядам міліцыянтаў.

— Ці зьмяніліся вашыя патрэбы падчас самаізаляцыі?

— Цяпер яшчэ нічога. А раней увогуле было цяжка жыць — шмат штрафаў. У мяне пэнсія 340 рублёў. Апошні раз мне налічылі 270 рублёў. У дзень перапахаваньня Кастуся Каліноўскага ў Вільні я выйшаў зь бел-чырвона-белым сьцягам у Віцебску. Мне далі 30 базавых штрафу. Штраф мне дапамагла праваабарончая арганізацыя выплаціць, але ў дадатак да гэтага вылічваюць 10% з пэнсіі. З апошняй, відаць, і забралі. Але я трымаюся. Прывык да такога спартанскага жыцьця. Летась сябры падаравалі партрэт Каліноўскага. Павесіў так, каб ён мяне бачыў, калі я ў пакой заходжу.

— Пэнсію на пошце атрымліваеце?

— Так. Надзяваю маску і іду. Мяне агітавалі, каб я адкрыў банкаўскі рахунак. Даверу няма. Я ўжо ў такім узросьце, што некалькі грашовых рэформаў перажыў. У 1989 годзе я вярнуўся пасьля трох гадоў працы ў Цюмені. За гэты час адклаў больш за сем з паловай тысяч савецкіх рублёў. Гэтага хапіла б на аўтамабіль «Жыгулі» і на ўзнос на каапэратыўную кватэру. Але ўсе яны згарэлі пры «Паўлаўскай рэформе». Адзінае, што я пасьпеў — заснаваць газэту. 2 тысячы рублёў рэгістрацыя каштавала.

— Як доўга яшчэ плянуеце заставацца дома?

— Колькі хопіць трываньня. Пакуль я сяджу ў хаце, выходжу на «Фэйсбук», нешта пішу. Лічу, што сёньня мая задача — падтрымліваць сваім словам людзей. Таму што ня кожны можа вытрымаць гэта ўсё. Цяжка. Я бачу гэта па сабе.

Пасьля карантыну «будзем устанаўліваць беларускую ўладу»

— Што для вас самае складанае на карантыне?

— Мо быць тут аднаму. Вуліцы мала бачу. Я сьмяюся, што задраіў усе люкі, як на падводнай лодцы. Я жыву адзін. Да мяне ніхто не прыходзіць, і я асабліва ні да кога не хаджу. Я характарам аптыміст. Людзям, якія да мяне падыходзяць ля «сіняга дома», кажу, што ўсё ў нас будзе добра. І зараз пакрысе ўсё ўвойдзе ў сваю каляіну.

— На вашую думку, жыцьцё пасьля пандэміі зьменіцца?

— Яно павінна зьмяніцца. Час ідзе. Я памятаю, калі 30 гадоў таму я толькі пачынаў займацца апазыцыйнай дзейнасьцю, людзі былі іншыя. У лістападзе 1996 году, калі мы з Валодзем Плешчанкам (кіраўнік Віцебскай арганізацыі КХП БНФ. — РС) стаялі калі «сіняга дома» і ўгаворвалі людзей не хадзіць на рэфэрэндум, людзі кідаліся ў бойку. А цяпер сьвядомасьць расьце. Мне здаецца, усё будзе добра, мы пераможам гэтую небясьпечную хваробу, а потым мы ведаем, чым будзем займацца.

— Чым?

— Будзем устанаўліваць беларускую ўладу.

— Як ставіцеся да выбараў падчас пандэміі?

— У нас няма выбараў. Пачынаючы з моманту антыканстытуцыйнага перавароту ў лістападзе 1996 году. І я гэта людзям пастаянна тлумачу. У той час было вельмі цяжка тлумачыць, таму што не было ўвогуле ніякага разуменьня. Цяпер галоўнае — захаваць беларусаў, перамагчы хваробу. У кепскім сьне ня можа прысьніцца, каб я пайшоў на так званыя выбары.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ