У Бабруйску асудзілі 6 актывістаў, якіх затрымалі 9 траўня падчас антыпараду, ініцыяванага блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Іх прывезьлі ў суд напярэдадні, але працэсы так і не пачаліся.
З дасудовых размоваў з актывістамі стала вядома, што ў адной камэры сядзелі 18 чалавек.
Прысуды:
- Аляксандар Ярмоленка — 10 сутак арышту,
- Андрэй Шуляка — 10 сутак арышту,
- Юры Салаўёў — 10 сутак арышту.
- Дзьмітры Вальфсон — 10 сутак арышту.
- Сяргей Аднамах — 10 сутак арышту.
- Дзьмітры Цімафееў — 12 сутак арышту.
Падрабязнасьці з судоў чытайце ніжэй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 25 сутак. Затрыманых перад парадам асудзілі на штрафы і арыштыПершым судзьдзя Буглак вынесла прысуд актывісту са Жлобіна Аляксандру Ярмоленку. Ён пакараны 10 суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве».
Блогер Дзьмітры Цімафееў з Баранавічаў папрасіў заключыць дамову з адвакатам і даць на гэта 5 дзён. Заявіў, што хоча, каб яго абараняў ягоны юрыст зь Менску, іншым ён не давярае.
Суд прызначыў заключыць дамову зь мясцовай юрыдычнай кансультацыяй, далі на гэта гадзіну. У бясплатным адвакаце Цімафееву адмовілі, а грошай з сабой у яго не было, пры затрыманьні ўсё забралі. Цімафееў заявіў, што фактычна яму не далі скарыстацца адвакатам, патрабаваў адводу судзьдзі Сераковай. Яна адмовіла.
Па выніках суду прысуд Цімафееву — 12 сутак арышту.
Дзьмітры Цімафееў
Яшчэ ў ізалятары блогеру Цімафееву выклікалі «хуткую», бо ён мае адну нырку, доўга ня еў, і яму стала кепска.
10 сутак атрымаў і мянчук Андрэй Шуляка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўскі суд пакараў 7 суткамі арышту эколяга, які адзін даглядае маці-інвалідаСьведка-міліцыянт на працэс да аршанца Юрыя Салаўёва не зьявіўся. Салаўёў, у сваю чаргу, папрасіў азнаёміцца са справай і фатадоказамі, таксама патрабуе адваката. Судзьдзя Тарабуева дазволіла.
Вырак судзьдзі па выніках разгляду справы — 10 сутак арышту.
Каля суду
Сярод, каго асудзілі, некалькі выпадковых людзей. Так, Сяргей Аднамах зь вёскі Бабірова Глускага раёну прыехаў у горад на рынак, у акцыі ня ўдзельнічаў, яго затрымалі на прыпынку вуліцы Інтэрнацыянальнай. Яго асудзілі на 10 сутак арышту.
Дзьмітры Вальфсон хацеў выехаць са свайго двара на вуліцы Менскай, каб паехаць на працу, і быў затрыманы.
У ізалятары Дзьмітрыю Вальфсону стала кепска з сэрцам, яму выклікалі хуткую і адвезьлі ў бальніцу. Там замеры паказалі пульс 100, але паводле Дзьмітрыя, лекары сказалі, што «гэта нармальна», і не далі таблетку, якую ён звычайна прымае, са словамі «мы не аптэка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Алеся Асіпцова асудзілі на 10 сутак арышту. Ён трымае галадоўкуНа судзе паказалі відэа з рэгістратараў міліцыі, на якім бачна, што перад выездам са двара на вуліцу Менскую яго машыну спынілі і сказалі, што вуліца ўся перакрыта, «ідуць рамонтныя работы», прапанавалі паехаць праз двары ў іншы бок. Дзьмітры папрасіў міліцыянтаў прадставіцца і паказаць нейкую пастанову, чаму яму нельга праехаць звыклым шляхам. Маёр Сібецкі выклікаў атрад АМАПу, і Вальфсона затрымалі за «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням».
У выніку судзьдзя Алена Гормаш прысудзіла і яму 10 сутак арышту.
Усе падсудныя патрабавалі адваката. І ўсе засталіся без адвакатаў, бо ня мелі грошай. Родныя Дзьмітрыя Вальфсона дамовіліся з адвакатам, што калі прысуд будзе абвінаваўчы, адвакат падключыцца, каб яго абскардзіць.Пасьля прысуду Вальфсон адразу напісаў скаргу ў абласны суд.