«Калі лекары вымруць, хто нас будзе лячыць?» Як гарадзенцы ратуюць мэдыкаў у час пандэміі

Гарадзенцы больш за месяц дапамагаюць мэдыкам сродкамі асабістай засьцярогі

Дызайнэрка адкладае працу на ноч, каб удзень шыць камбінэзоны. Кіроўцы скідваюцца на рэсьпіратары і бахілы для «хуткай». Студэнтка паміж парамі і працай робіць з адходаў дыванок для дэзынфэкцыі. Пра тое, як у Горадні аб’ядналіся ў дапамозе мэдыкам, — у публікацыі Свабоды.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Мы нікому нічога ня плацім»

У залі, дзе прэзэнтавалі кнігі, ладзілі выставы і вучылі беларускую мову, цяпер «цэх» зборкі сродкаў засьцярогі. Працуе мануфактура. Стосы дэталяў нагадваюць часткі Lego. Толькі тут усё па-даросламу. Дзень амаль ювэлірнай працы — і гатова паўтысячы ахоўных экранаў для мэдыкаў.

Горадня — адно з многіх месцаў у Беларусі, дзе ўжо месяц як разгарнулася нацыянальная кампанія дапамогі мэдыкам #BYCOVID19. Людзі, якія яшчэ нядаўна ня ведалі адно аднаго, сёньня працуюць, як адзін мэханізм. Інжынэры выразаюць на 3D-прынтэрах дэталі ахоўных экранаў для твару. Добраахвотнікі зьбіраюць іх у цэлае.

Людзі аддаюць свае запасы тканіны. Швачкі шыюць маскі і камбінэзоны. Прадпрыемствы дапамагаюць раскройваць тоны спанбонду, які купляюць і перадаюць зь Менску. Кіроўцы дастаўляюць гатовыя вырабы ў шпіталі вобласьці. Мэханізм «раскручваюць» рухавікі-каардынатары.

Дэталі для экранаў

Пакункі з гатовымі экранамі

Гэта агулам. Папраўдзе задачаў больш. Прыкладам, знайсьці, дзе набыць самыя танныя маланкі. Прыдумаць, як рабіць перагародкі паміж ложкамі, якія купіць нельга. Падсілкаваць стомленых валянтэраў. Даць справаздачу ў канцы дня за тое, што зрабілі і што каму перадалі. Няма няважных справаў.

«Мы нікому нічога ня плацім. Нават 10 хвілінаў, патрачаныя на працу, уражваюць», — кажа каардынатар дабрачыннай кампаніі ў Горадзенскай вобласьці Вадзім Саранчукоў.

Вадзім Саранчукоў

Гарадзенцы пачалі асобны збор https://bit.ly/2VZwmPu грошай для мэдыкаў на плятформе MolaMola. Ужо сабралі больш за 4 тысячы рублёў. Самае вялікае грашовае ахвяраваньне склала 1,5 тысячы рублёў.

«Валянтэры — проста людзі. У гэтым увесь кайф»

Колькі ўдзельнікаў кампаніі, сказаць цяжка. У тэлеграм-чаце, дзе ідзе камунікацыя валянтэраў, — па-над 600 карыстальнікаў. Грошы ахвяравалі па-над 100 чалавек. У асобным чаце кіроўцаў-кур’ераў каля 70 асобаў. Шыюць некалькі дзясяткаў швачак.

«Хто такія валянтэры? Проста людзі. У гэтым увесь кайф», — кажа адзін з удзельнікаў валянтэрскага руху, які хоча застацца ананімным.

Ананімных памочнікаў шмат. Нехта ня хоча афішаваць дабрачыннасьць, каб ня страціўся яе сэнс, іншыя баяцца «атрымаць па галаве» за дабро. Адначасна ўся дапамога празрыстая і афіцыйная. У справаздачах ёсьць лічбы і фатаздымкі лекараў разам з упакоўкамі сродкаў засьцярогі.

Уся дапамога празрыстая

Валянтэрскую дапамогу ў розных памерах атрымалі амаль усе лякарні Горадні

Часам баяцца і мэдыкі, ці могуць яны нешта прасіць. Але просяць.

«Ёсьць шпіталі, дзе кажуць, што ўсяго хапае. Ёсьць тыя, дзе просяць прывезьці хоць нешта», — камэнтуе Вадзім Саранчукоў.

Экраны паедуць у Шчучын

Амаль кожная лякарня ў Горадні і некаторыя ў раёнах атрымалі ахоўныя сродкі падчас гэтай кампаніі.

«Мы не ўсёмагутныя», — нібы апраўдваецца каардынатар кампаніі.

Колькасьць зробленых ахоўных сродкаў у Горадні пайшла на тысячы.

«Калі я гэтага не зраблю, хто гэта зробіць?»

Многія швачкі шыюць па хатах. Незвычайная пляцоўка, дзе шые цэлая кампанія, — Горадзенскі дзіцячы госьпіс. Гуртуе валянтэрак дызайнэрка Святлана Пінчук. Дагэтуль цягам месяца яна разам зь людзьмі з інваліднасьцю шыла мэдычныя маскі. Цяпер перайшлі на камбінэзоны.

Далучыліся жанчыны «з гораду», якія ня мелі раней дачыненьня да госьпісу. Людзі з інваліднасьцю таксама маюць працу: падразаюць маланкі, адразаюць ніткі, зьбіраюць камплект, падшываюць, выварочваюць адзеньне на правы бок.

Святлана Пінчук (першая зьлева)

Сьвятлана дапамагае мэдыкам коштам уласнай працы і адпачынку. Яна выконвае замовы з асноўнай працы ўночы, скараціла час сну, менш есьць, бо няма часу гатаваць, менш бавіць часу зь дзецьмі.

«Калі я гэтага не зраблю, хто гэта зробіць? Калі бясплатна, ахвочых вельмі мала. Мне будзе сорамна ў гэты час сядзець на канапе, глядзець тэлевізар», — кажа Святлана.

За дзень адзін чалавек можа зрабіць з нуля 10-15 камбінэзонаў

Толькі адна швачка — прафэсіянал

У гэтай кампаніі толькі адна прафэсійная швачка — Ліда. Яна вучыць іншых дзяўчат, падказвае, як спрасьціць працу. Натальля раней працавала ў банку, але ў час каранавірусу згубіла працу. Настасься таксама засталася бяз працы.

Яна пачынала дапамагаць з самых простых апэрацый, потым навучылася шыць і цяпер атрымлівае задавальненьне. Дзяўчаты сьмяюцца, што на наступным месцы працы Наста, відаць, будзе шыць адзеньне.

Мэдсястра Алена прыходзіла шыць падчас свайго водпуску. Жартавала, што шые, магчыма, для сябе, бо ў іхным шпіталі не стае сродкаў засьцярогі. Муж Алены дапамагае рамантаваць машынкі, вастрыць нажніцы.

Валянтэраць і людзі з інваліднасьцю

Студэнтка Яна Літвінчук таксама шые, але асобна. Яна далучаецца і ў іншым: напрыклад, рабіла з непатрэбнага паралёну дыванок для дэзынфэкцыі ў шпіталь.

«Дапамагаць — гэта заўсёды добра. Чым больш, тым лепш. Калі частку працы на сябе могуць узяць валянтэры: банальная дапамога ў пашыве масак або дапамога 20 рублямі, то чаму бы і не? Гэта патрэбна, каб лекары бачылі падтрымку, што мы цэнім іхную працу. Калі нейкі гамон у сьвеце адбываецца, мы ўсе павінны прыходзіць адно аднаму на дапамогу. Калі мы адно аднаму ня будзем дапамагаць, што ад нас застанецца?» — пытаецца Яна.

Валянтэрам пэрыядычна прывозіць пачастунак адна з кавярняў. Добраахвотнікі кажуць, што гэта вельмі палягчае працу, а такі клопат надзвычай прыемны. Піцэрыі і кавярні кармілі і горадзенскіх мэдыкаў.

«Калі мы адно аднаму ня будзем дапамагаць, што ад нас застанецца?»

«Ідзе страшная пагроза існаваньню беларусаў»

Горадзенскі актывіст Ежы Грыгенча зьбірае мэдыкам экраны для твару і перагародкі для палатаў паміж ложкамі.

Ежы Грыгенча

«А хто, калі ня мы? Калі лекары вымруць, хто нас будзе лячыць? Маю я пару свабодных хвілінак. Чым змагу, тым дапамагу. Я ня ўмею гаварыць, я лепей зраблю», — завяршае размову Ежы.

Уласьнік крамы «Адметнасьць», сябра БХД Сяргей Верамеенка не задумваўся, ці варта далучацца да кампаніі.

Сяргей Верамеенка (зьлева)

«Навошта чалавек есьць? Навошта дыхае? Навошта падтрымлівае сваю радзіму, краіну, сям’ю? Бо інакш ня можа. Гэта на ўзроўні незалежнасьці нашай краіны, бо ідзе страшная пагроза існаваньню беларусаў», — мяркуе Сяргей Верамеенка.

Плякаты з парадамі падчас пандэміі каранавірусу

На ягоную думку, мэдыкі цяпер — самыя галоўныя людзі ў краіне.

«Мы павінны сваімі мазгамі дайсьці, што мы [Беларусь] — вялікая-вялікая сям’я. Без агульнай падтрымкі ня будзе нічога, нас ня будзе. Нармальны чалавек ня можа быць абыякавым, калі ён ідзе па вуліцы і бачыць, што некага крыўдзяць», — дадае Верамеенка.

«Мы ня маем маральнага права не ўключыцца»

Горадзенскія аўтамабілісты вырашылі дапамагчы работнікам «хуткай дапамогі». Асобны збор ішоў на горадзенскім інтэрнэт-партале Autogrodno. За два тыдні 120 чалавек сабралі 5 тысяч рублёў. Тры дні рэдакцыя парталу шукала, дзе можна набыць сродкі індывідуальнай засьцярогі. Нічога не знайшлі. Таму за гэтыя грошы замовілі пашыў камбінэзонаў, бахілаў, таксама набылі маскі і ахоўныя экраны для твару. Плянуюць яшчэ купіць партыю рэсьпіратараў. Кіроўцы развозяць сродкі засьцярогі па шпіталях або падвозяць швачкам новую партыю выкраек.

«Мы зразумелі, што калі ў нас ёсьць папулярны рэсурс, мы ня маем маральнага права не ўключыцца ў збор, не дапамагчы лекарам. Калі гэтай магчымасьцю не скарыстацца — гэта не злачынства, але неапраўданае бязьдзеяньне», — мяркуе рэдактар горадзенскага інтэрнэт-парталу Autogrodno Міхал Кунцэвіч.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ