Над Арктыкай закрылася гіганцкая азонавая дзірка

Арктыка

Навукоўцы з Сусьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі не зьвязваюць закрыцьцё азонавай дзіркі над Арктыкай з наступствамі пандэміі COVID-19.

У красавіку над Арктыкай закрылася асабліва буйная азонавая дзірка, паведаміла прэс-служба Сусьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі (СМА) у пятніцу, 1 траўня.

Афіцыйны прадстаўнік СМА Клэр Нуліс на брыфінгу ў Жэнэве патлумачыла, што сёлетняй вясной зьнясіленьне азонавага пласта дасягнула рэкордных узроўняў праз спалучэньне двух фактараў.

«Першы — захаваньне ў атмасфэры рэчываў, якія зьнясільваюць азонавы пласт», а другі — мэтэаралягічныя ўмовы. «У гэтым годзе ў стратасфэры ў нас была вельмі халодная зіма. Цяпер сытуацыя вярнулася ў нармальнае рэчышча, і дзірка закрылася», — заявіла Нуліс.

На пытаньне, ці было зьвязанае закрыцьцё азонавай дзіркі са зьмяншэньнем узроўню забруджваньня атмасфэры падчас пандэміі каранавіруса, Нуліс адказала, што яно «ня мела ніякага дачыненьня да COVID».