У Кіеве выявілі маштабную схему вывазу нованароджаных дзяцей за мяжу за грошы, паведамляе прэс-служба офіса генэральнага пракурора Украіны. Паводле намесьніка кіраўніка МУС Украіны Антона Герашчанкі, нованароджаных з Украіны прадавалі ў Кітай.
Паводле сьледзтва, да схемы маюць дачыненьне кіраўнікі адной з сталічных прыватных мэдыцынскіх клінік, а таксама група людзей, якія знаходзілі ва Ўкраіне жанчын для афармленьня «фіктыўных шлюбаў з іншаземцамі і ўдзелу ў праграмах сурагатнага мацярынства». Памер грашовай узнагароды, якую атрымлівалі ўдзельнікі ўгоды, у кожным з выпадкаў складаў каля 50 тысяч даляраў.
Супрацоўнікі пракуратуры разам з паліцыяй правялі 11 ператрусаў па месцы жыхарства фігурантаў справы, у іх офісах, клініцы і аўтамабілях. Заведзеная крымінальная справа па артыкуле аб гандлі людзьмі.
Паводле намесьніка кіраўніка МУС Антона Герашчанкі, нованароджаных прадавалі ў Кітай. Колькі менавіта дзяцей было перададзена ў КНР, не ўдакладняецца. На дачыненьне да куплі дзяцей правяраюць мінімум 140 грамадзян КНР.
Украіна — адна зь нешматлікіх краін сьвету, дзе дазволена сурагатнае мацярынства. Раней СМІ ўжо паведамлялі пра выпадкі, калі гэтай працэдурай прыкрываліся, прадаючы замежнікам чужых дзяцей.