Зоркі сцэны даюць віртуальны канцэрт у падтрымку Сусьветнай арганізацыі здароўя. ТРАНСЬЛЯЦЫЯ

Лэдзі Гага

18 красавіка адбудзецца віртуальны канцэрт у падтрымку Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) па барацьбе з каранавірусам. Музычная імпрэза «Разам дома» пачнецца а 20 гадзіне паводле цэнтральнаэўрапейскага часу (21:00 паводле менскага). У ёй возьмуць удзел Джэніфэр Лопэс, Пол Макартні, Стыві Ўандэр і іншыя вядомыя артысты.

Куратарам канцэрту стала Лэдзі Гага. Яна абвясьціла аб правядзеньні дзьвюхгадзіннага музычнага маратону з прыцягненьнем зорак сцэны на відэаканфэрэнцыі САЗ. Па словах сьпявачкі, падзея павінна паказаць глябальнае адзінства ў барацьбе з COVID-19. Лэдзі Гага таксама паведаміла, што ў першы тыдзень красавіка яна сабрала 35 мільёнаў даляраў для фонду САЗ па барацьбе з пандэміяй.

Паведамляецца, што ў часе мерапрыемства будзе праведзены збор сродкаў для барацьбы з каранавірусом.

Паводле апошніх дадзеных, САЗ накіравала больш за два мільёны адзінак сродкаў індывідуальнай абароны ў 133 краіны сьвету і паўтара мільёна тэстаў для выяўленьня COVID-19 у 126 краінаў.

Па ўсім сьвеце зарэгістравана больш за два мільёны выпадкаў заражэньняў COVID-19. Памерлі амаль 157 тысяч пацыентаў.