У Дняпры паліцыя адкрыла крымінальную вытворчасьць з прычыны парушэньня правілаў карантыну катэдральным Сьвята-Траецкім саборам УПЦ (МП). Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе абласной паліцыі.
Справу адкрылі з прычыны вялікай колькасьці людзей у храме на вечаровай службе 17 красавіка. Вытворчасьць пачалі паводле часткі 1 артыкулу 325 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (парушэньне санітарных правілаў).
На сайце Днепрапятроўскай япархіі УПЦ (МП) гаворыцца, што ў той вечар у саборы службу правёў кіраўнік Днепрапятроўскай япархіяй мітрапаліт Днепрапятроўскі і Паўлаградзкі Ірыней.
Раней старшыня Днепрапятроўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі і кіраўнікі абласной паліцыі заклікалі жыхароў гораду сьвяткаваць Вялікдзень дома.
Старшыня адміністрацыі Аляксандр Бандарэнка рэкамэндаваў жыхарам вобласьці з 13:00 суботы да 6:00 панядзелка не выходзіць з дому.
Вялікая субота ў праваслаўных у Менску: заклік заставацца дома не пачуты. ФОТАРЭПАРТАЖ
Таксама ў Дняпры мясцовыя ўлады ўвялі абмежаваньні на перамяшчэньне транспартам — з 13:00 суботы да 18:00 панядзелка. Нават працаўнікі «крытычнай інфраструктуры», каб ехаць на працу, акрамя спэцыяльных прапускоў, у гэтыя дні павінны паказваць даведку зь месца працы з пазначанымі гадзінамі працоўнага дня.
Як пераканалася карэспандэнт Радыё Свабода, забарона ўжо дзейнічае.
Паводле стану на дзень 18 красавіка, на Днепрапятроўшчыне лябараторна пацьверджаныя 107 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ