Экс-старшыню Менскага раённага суду асудзілі на 5 гадоў калёніі

Былы старшыня Менскага раённага суду Аляксандар Хаванскі ў судзе 2 сакавіка 2020 году

14 траўня Вярхоўны суд Беларусі прызнаў вінаватым у карупцыі былога старшыню Менскага раённага суду Аляксандра Хаванскага і асудзіў яго на 5 гадоў пазбаўленьня волі, паведамляе Tut.by.

Пракурор прасіў для Хаванскага 6 гадоў, суд у выніку прызначыў 5 гадоў калёніі. Хаванскага ўзялі пад варту ў будынку Вярхоўнага суду адразу пасьля абвяшчэньня прысуду.

Аляксандра Хаванскага затрымалі ў чэрвені 2017 году, ён быў пад вартай да сакавіка 2019 году. Потым яго перавялі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Хаванскага абвінавацілі ў тым, што ён фіктыўна ўладкоўваў на працу супрацоўнікаў і частку іхнага заробку забіраў сабе.

Шкоды налічылі больш за 22 тысяч рублёў.

Яго асудзілі за крадзеж шляхам злоўжываньня ўладай (ч. 4 арт. 210 КК РБ) і злоўжываньне ўладай (ч. 3 арт. 424 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бараніць сябе буду сам». За што судзяць экс-старшыню Менскага раённага суду Хаванскага

Падчас папярэдняга сьледзтва і ў судзе Аляксандар Хаванскі не прызнаваў сябе вінаватым. На першым паседжаньні ён заявіў, што яго нібыта агаварылі і назваў прозьвішча гэтага чалавека. Зь ягоных словаў зразумела, што гэта жанчына Д., якая праходзіць у справе сьведкай. Шмат прэтэнзій падсудны выказаў у адрас сьледчых. Паводле Хаванскага, яны не накіравалі на дасьледаваньне экспэртаў подпісы, якія нібыта падрабіла сьведка Д., ды нарабілі іншых памылак і парушэньняў. «Сьледчы „замінаў“ адны доказы і выпінаў іншыя», — заяўляў суду Аляксандар Хаванскі.

Хаванскі вырашыў на судзе бараніць сябе сам, і сказаў, што гэта не зьвязана зь нястачай грошай. Ён сказаў суду, што зьбіраўся ўзяць за адваката жонку, але сьледчыя нібыта зрабілі ўсё, каб гэтага не дапусьціць.