Кітай выключыў сабак са сьпісу ядомых жывёлаў

Продаж туш сабак на рынку ў Кітаі

Міністэрства сельскай гаспадаркі Кітаю выключыла сабакаў са сьпісу жывёл, чыё мяса можна ёсьць.

У нядаўна апублікаваным ведамствам сьпісе жывёлаў, аднесеных да катэгорыі свойскай жывёлы ў Кітаі, гаворыцца, што сабакі больш не павінны разглядацца як простыя свойскія жывёлы. «Разам з разьвіцьцём чалавечай цывілізацыі і клопатам грамадзкасьці аб абароне жывёлаў, сабакі ператварыліся ў жывёлаў-кампаньёнаў», — цытуе дакумэнт Quartz.

У апошні сьпіс свойскіх жывёлаў уключаны 13 відаў «традыцыйных жывёлаў», такіх як сьвіньні, каровы, куры і індыкі, і 18 відаў «спэцыяльных жывёлаў». Напрыклад, розныя віды аленяў, якія могуць быць гадаваныя з мэтай ужываньня ў ежу, паведамляе міністэрства. Гэты сьпіс не канчатковы і можа быць пашыраны. Дакумэнт вынесены на абмеркаваньне да 8 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 21 верасьня — міжнародная ноч кажаноў

Зьяўленьне дакумэнту, як піша выданьне, паскорылі падазрэньні ў тым, што выбух COVID-19 адбыўся з прычыны новага каранавірусу, які перадаецца ад дзікіх жывёлаў да людзей. Раней у лютым Кітай часова забараніў есьці мяса дзікіх жывёлаў. Пастаяннай забароны да гэтага часу няма.

2 красавіка ўлады гораду Шэньчжэнь на поўдні Кітаю першымі забаранілі есьці мяса сабак і катоў.

Паводле ацэнак Ганконгскай групы абароны жывёлаў Animals Asia, штогод у Кітаі забіваюць і зьядаюць каля 10 мільёнаў сабак і чатырох мільёнаў катоў. Гэтая практыка выклікае ўсё большую крытыку з боку абаронцаў жывёлаў. У 2016 годзе група аматараў сабак паспрабавала спыніць грузавік, які накіроўваўся на бойню і перавозіў 320 сабак. Яны ўвязаліся ў бойку з кіроўцам, што прывяло да велізарнага затору на шашы.