Пасьля перамоваў Расеі і краін OPEC цэны на нафту вырасьлі і зноў упалі

Нафтасховішча ў Расеі

Пасьля кароткачасовага росту, выкліканага чаканьнямі пагадненьня аб скарачэньні здабычы нафты паміж Расеяй і краінамі арганізацыі OPEC, цэны на сыравіны зноў упалі.

На Лёнданскай біржы барэль маркі Brent апусьціўся ніжэй за 32 даляры.

Як паведамляе Reuters, інвэстары лічаць, што нават магчымае скарачэньне здабычы нафты на 10 мільёнаў барэляў за дзень — адзін з варыянтаў, які абмяркоўваўся на перамовах — не ліквідуе залішнюю яе прапанову на рынку. Попыт на нафту ўпаў, найперш, праз пандэмію каранавірусу і зьніжэньне эканамічнай актыўнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэрспэктывы беларускай эканомікі: варажба на нафтавай гушчы

Перамовы краін – экспартэраў нафты ў фармаце відэаканфэрэнцыі праходзілі 9 красавіка. Іх вынік афіцыйна не абвешчаны, але пра магчымае скарачэньне здабычы на 10 мільёнаў барэляў заявіў міністар нафты Ірану. У такім выпадку для Расеі і Саудаўскай Арабіі гэта азначае зьніжэньне на 23% ад звыклых паказьнікаў.

На гэтых навінах цэны на нафту на сусьветным рынку зноў адкаціліся да ўзроўню амаль 30 даляраў за барэль.

Нафтавая вайна Расеі і Саудаўскай Арабіі

2 красавіка дамовы на чэрвеньскія пастаўкі нафты Brent рэзка павялічыліся да 36 даляраў за барэль -- на 45% больш за папярэднія таргі. Гэта здарылася на фоне заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра перамовы лідэраў Расеі і Саудаўскай Арабіі і аб маючым адбыцца скарачэньні здабычы сыравіны на 10-15 мільёнаў барэляў за суткі.

Эр-Рыяд абвясьціў аб нарошчваньні абʼёмаў вытворчасьці нафты пасьля развалу ўгоды Расеі з OPEC у пачатку сакавіка. Саудаўская Арабія тады прапаноўвала скараціць здабычу сыравіны, каб падтрымаць эканоміку на фоне пандэміі COVID-19. Расея настойвала на захаваньні абʼёмаў на ранейшым узроўні. У выніку цэны на сыравіну з пачатку сакавіка зьнізіліся прыкладна на 50%, скіраваўшыся да паказьніка 20 даляраў за барэль. Але за наступны месяц пазыцыя ўдалося крыху аднавіць.