Улады Туркмэністану арганізавалі сэрыю масавых спартовых мерапрыемстваў з нагоды Ўсясьветнага дня здароўя — у той час як па ўсім сьвеце ўводзяцца захады сацыяльнага дыстанцыяваньня праз пандэмію каранавірусу.
У адной з самых закрытых краінаў сьвету, Туркмэністане, афіцыйна няма ніводнага выпадку захворваньня на каранавірусную інфэкцыю. Аўтарытарны лідэр Гурбангулы Бэрдымухамэдаў згадаў пра COVID-19 толькі аднойчы на мінулым тыдні.
7 красавіка дзяржаўная тэлевізія паказала Бэрдымухамэдава, як ён разьяжджае на кані, а таксама на ровары — у невялікай кампаніі чыноўнікаў.
Адначасова былі паказаныя кадры масавага заезду раварыстаў — каб, як падкрэсьліваецца, «прадэманстраваць прыхільнасьць да здаровага ладу жыцьця». У Ашгабадзе лік удзельнікаў склаў тры з паловай тысячы, яшчэ сем тысяч — у іншых рэгіёнах. Таксама былі згаданыя спартовыя імпрэзы ў парках, паказы гімнастаў і акрабатаў, спаборніцтвы па дзюдо і боксе.
Пры гэтым карэспандэнты туркмэнскай службы Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода паведамлялі на мінулым тыдні, што назіралі, як мінакоў на вуліцах у Ашхабадзе, якія гаварылі пра каранавірус, адводзілі агенты ў цывільным.
20 сакавіка ўрад Туркмэністану закрыў Ашгабад — безь якога-небудзь афіцыйнага паведамленьня аб прычынах такога рашэньня. У краіне таксама абмежавалі рух транспарту паміж сталіцай і рэгіёнамі і паставілі блёкпасты.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ