Асуджанаму за пэдафілію кардыналу ў Аўстраліі адмянілі вэрдыкт

Кардынал Джордж Пэл, 2016

Вярхоўны суд Аўстраліі 7 красавіка адмяніў прысуд былому скарбніку Ватыкану, кардыналу Джорджу Пэлу, прызнанаму вінаватым у сэксуальным гвалце над непаўналетнімі. Пастанова суду дазваляе 78-гадоваму кардыналу неадкладна выйсьці на волю.

У рэзалюцыі суду адзначаецца, што пасьля разгляду ўсіх дакумэнтаў і доказаў у справе «засталіся разумныя сумневы ў тым, што злачынства было ўчыненае», а віна кардынала не была бясспрэчна даказаная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога скарбніка Ватыкану асудзілі на 6 гадоў турмы за пэдафілію

У сакавіку 2019 году суд у Мэльбурне асудзіў Джорджа Пэла на 6 гадоў турэмнага зьняволеньня. Суд прызнаў, што ў 1996 годзе Пэл, быўшы арцыбіскупам Мэльбурну, учыніў гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да двух хлопчыкаў з хору ў памяшканьні гарадзкога сабора. Кардынал сваю віну катэгарычна адмаўляў, сьцьвярджаючы, што абвінавачаньні зьяўляюцца плёнам фантазіі ахвяраў.

У студзені 2020 абарона кардынала падала апэляцыю на прысуд у Вярхоўны суд Аўстраліі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак зацьвердзіў закон аб пакараньні за пэдафілію ў Ватыкане

Пэл — самы высокапастаўлены каталіцкі сьвятар, які быў прызнаны вінаватым у сэксуальным гвалце. З 2014 году ён быў скарбнікам Ватыкану і дарадцам Папы Рымскага, за што яго называлі трэцяй асобай у гэтай дзяржаве. Пасьля абвяшчэньня вэрдыкту прысяжных Ватыкан заявіў пратое, што Пэл адхілены ад пасады.