Старшыня Эўракамісіі: трэба радыкальна перагледзець бюджэт Эўразьвязу на 2021-2027 гады

Урсула фон дэр Ляен

Старшыня Эўрапейскай камісіі Ўрсула фон дэр Ляен лічыць, што Эўразьвязу для пераадоленьня наступстваў пандэміі каранавіруснай інфэкцыі будзе неабходны новы «плян Маршала».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пра гэта яна напісала ў аўтарскай калёнцы ў газэце Welt am Sonntag.

«Неабходна інвэставаць мільярды эўра сёньня, каб прадухіліць катастрофу ў будучыні», — напісала фон дэр Ляен.

На думку кіраўніка Эўракамісіі, неабходна радыкальна перагледзець бюджэту Эўразьвязу на 2021-2027 гады, пры гэтым краіны ЭЗ павінны праявіць салідарнасьць, накіроўваючы сродкі ў гэты бюджэт.

Плян Маршала — па імені дзяржсакратара ЗША Джорджа Маршала — прадугледжваў дапамогу з боку ЗША краінам Эўропы пасьля Другой усясьветнай вайны. Краіны савецкага блёку адкінулі гэты плян, а дзяржавы Заходняй Эўропы прынялі. Ён дапамог аднавіць эўрапейскую эканоміку, разбураную пасьля вайны. З тэксту фон дэр Ляйен не вынікае, што яна мае на ўвазе дапамогу з боку ЗША, «плян Маршала» згадваецца як мэтафара вялікіх і мэтанакіраваных фінансавых укладаньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз выдзяляе Беларусі грошы на барацьбу з каранавірусам

У ЭЗ цяпер ідзе дыскусія пра тое, якія мэханізмы задзейнічаць для пераадоленьня рэцэсіі, якую, па ўсім відаць, выкліча эпідэмія каранавірусу.

На краіны Эўразьвязу прыпадае прыкладна палова ўсіх выяўленых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў сьвеце — больш за 600 тысяч. Больш за 40 тысяч жыхароў краін ЭЗ памерлі, больш за ўсё ахвяраў — у Італіі, Гішпаніі і Францыі.

Эканомікі краін ЭЗ пакутуюць не толькі праз эпідэмію, але і з-за карантынныя меры, уведзеныя ў большасьці эўрапейскіх дзяржаў — зачыненыя многія прадпрыемствы, галоўным чынам у сфэры паслуг, паміж краінамі Шэнгенскай зоны зноў уведзены памежны кантроль або зусім зачыненыя межы.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ