У Індыі паліцыя ўжыла сьлезацечны газ супраць беспрацоўных парушальнікаў карантыну

На аўтавакзале ў Газіябадзе, прадмесьці Дэлі, 28 сакавіка 2020

Паліцыя на захадзе Індыі ўжыла сьлезацечны газ, каб разагнаць натоўп працоўных мігрантаў, якія не выконвалі ўмовы трохтыднёвага карантыну з прычыны каранавірусу. У выніку абвяшчэньня карантыну сотні тысяч беднякоў засталіся бяз працы і харчоў.

Прэм’ер-міністар Нарэндра Модзі загадаў 1 мільярду 300 мільёнам чалавек заставацца дома да 15 красавіка, заявіўшы, што такая самаізаляцыя — адзіная надзея спыніць вірусную пандэмію.

Але паўсюднае спыненьне працы прадпрыемстваў і ўстановаў выклікала гуманітарны крызіс: сотні тысяч бедных працоўных мігрантаў, якія выконвалі падзённую працу ў буйных гарадах, такіх як Дэлі і Мумбай, рушылі пехатою ў свае вёскі, страціўшы сваю працу.

Многія зь іх ішлі некалькі дзён, некаторыя зь сем’ямі, у тым ліку маленькімі дзецьмі, па бязьлюдных магістралях амаль бяз доступу да ежы і вады.

У нядзелю каля 500 рабочых сутыкнуліся з паліцыяй у заходнім горадзе Сурат з патрабаваньнем адпусьціць іх дадому ў іншыя раёны Індыі, бо ў іх не засталося ніякай працы.

Санітарныя работнікі ў штаце Утар-Прадэш паліваюць працоўных мігрантаў дэзынфэкцыйнай вадкасьцю:

У Індыі зарэгістравана 1071 выпадкаў заражэньня каранавірусам, 29 чалавек памерлі, паведаміла міністэрства аховы здароўя ў панядзелак. Колькасьць пацьверджаных выпадкаў невялікая ў параўнаньні са Злучанымі Штатамі, Італіяй і Кітаем, аднак чыноўнікі аховы здароўя кажуць, што Індыя знаходзіцца за некалькі тыдняў ад велізарнага выбуху хваробы, зь якім ня дасьць рады слабая сыстэма аховы здароўя.