Скажаў савецкую рэчаіснасьць. Як фатограф Шэгельман разварушыў правінцыйны Магілёў

Ілюстрацыйнае фота

Пры канцы 1970-х дзіцячы хірург і фатограф Зіновій Шэгельман прыдумаў міжнародную выставу «Міні-фота», якая зрабіла правінцыйны Магілёў асяродкам гуртаваньня аматараў фатаграфічнага мастацтва. І зазнаў за гэта перасьлед з боку ўладаў.

Адбыліся тры выставы. Фатаздымкі, якія на іх экспанаваліся, паказвалі рэаліі жыцьця без прыхарошваньня. Першая адбылася ў 1977 годзе. Апошнюю, у 1982-м, цэнзары закрылі, бо ўгледзелі ў экспанатах скажэньне савецкай рэчаіснасьці. Шэгельмана пачалі цкаваць.

Цяпер Зіновія Шэгельмана, які ў 1990 годзе выехаў у Ізраіль, называюць стваральнікам магілёўскай школы фатаграфіі. Сёлета беларускія і ізраільскія фатографы адзначылі яго 80-годзьдзе.

Зіновій Шэгельман

Пра Зіновія Шэгельмана. Сьцісла

  • Нарадзіўся ў Бабруйску ў 1940 годзе. Галакост забраў амаль усю ягоную радзіну. Разам з маці перабыў вайну ў эвакуацыі. Айчыма асудзілі за тое, што «незаконна» рабіў на дзьвюх працах.
  • Фатаграфіяй захапіўся яшчэ школьнікам.
  • Скончыў Ленінградзкі пэдыятрычны інстытут, працаваў потым дзіцячым хірургам у Магілёўскай абласной бальніцы.
  • Адзін з заснавальнікаў магілёўскага фота-кінаклюбу «Вясёлка», які і арганізоўваў выставы «Міні-фота».
  • Працы фатографа адзначаліся на міжнародных конкурсах. Ён быў ганаровым сябрам фатаграфічных фэдэрацый шэрагу краін і прызнаным аўтарытэтам у жанры фотапартрэту і пэйзажу.

Унікальнасьць выставы «Міні-фота»: улічваўся брак якаснай фотапаперы ў Савецкім Саюзе

Паводле магілёўскага фатографа Анатоля Талкачова, унікальнасьць выставы Шэгельмана палягала ў тым, што на яе бралі толькі фатаграфічныя мініятуры — фатаздымкі памерам 18×24 см. Такі фармат быў даступны для бальшыні фотааматараў.

Фатаздымкі з каталёгу, якія «скажалі савецкую рэчаіснасьць»

«Мініятурныя» фатаздымкі прасьцей было раздрукаваць і даслаць поштай. Да таго ж якаснай фотапаперы ў Савецкім Саюзе бракавала.

Фатаздымкі з каталёгу, якія «скажалі савецкую рэчаіснасьць»

Талкачоў кажа, што мэты выставы былі такія: паказваць разнастайнасьць жанраў і магчымасьцяў фатаграфічнага мастацтва, павышаць прафэсіяналізм магілёўскіх фатографаў, мацаваць стасункі паміж фатаклюбамі... Экспазыцыі выстаўляліся ў мясцовых дамах культуры. Прысылалі свае працы і замежныя фатографы. Пераможцаў адзначалі граматамі і дыплёмамі.

Мясцовая прэса пра выставу: ад пахвалы да зьнявагі

«Папулярнасьць выставаў тлумачыцца перш за ўсё тым, што кожны аўтар можа свабодна фантазіраваць і інтэрпрэтаваць навакольную рэальнасьць», — адзначала газэта абкаму партыі «Магілёўская праўда» пасьля першых дзьвюх выставаў.

Публікацыя з разгромам выставы Шэгельмана ў «Магілёўскай праўдзе»

Пасьля закрыцьця выставы ў 1982 годзе «Магілёўская праўда» ў публікацыі «Пена» назвала арганізатараў «групкай малакампэтэнтных людзей у пытаньнях ідэалягічнай работы».

«Здымкі падабраны з такім разьлікам, быццам яе арганізатары намерыліся паказаць самыя непрывабныя бакі чалавека», — пісала газэта. Паводле яе, выставу закрылі «як неадпавядаючую высокім патрабаваньням ідэалаў гуманізму, мэтам і задачам культурнага абмену паміж народамі плянэты».

Што крамольнага ўгледзелі ідэолягі ў выставе?

Нагодай для закрыцьця выставы стаў каталёг, у якім увагу мясцовых ідэолягаў прыцягнуў сказ на ангельскай мове. Выявілася, што ў правінцыі нельга было праводзіць міжнародныя імпрэзы бяз згоды ЦК кампартыі БССР.

Каталёг выставы «Міні-фота-1982» з крамольным сказам па-ангельску

Каталёг накладам 800 асобнікаў зьнялі з друку. У Магілёў з інспэкцыяй наведаўся намесьнік міністра культуры БССР Арсень Ваніцкі. Паводле сьведак, ён асабіста здымаў экспанаты з выставы ды вінаваціў арганізатараў у зьнявазе савецкага ладу жыцьця.

Фатографы зьвязваюць закрыцьцё выставы з тым, што ўладу напалохала «залішняя» ініцыятыўнасьць і нежаданьне Шэгельмана супрацоўнічаць з цэнзарамі«, а таксама боязь «страціць кантроль над фотааматарамі, якія без узгадненьня навязвалі кантакты з замежнымі калегамі і дасылалі працы на замежныя выставы».

Анатоль Талкачоў

«Ідэалёгія чакала, што фатографы будуць здымаць толькі радаснае, сьветлае, прыгожае, а на іхных фатаздымках было рэальнае жыцьцё без прыхарошваньня. Таму ідэолягі пастанавілі выправіць сытуацыю так, як умелі», — кажа Анатоль Талкачоў.

Наступствы разгрому выставы: Шэгельман апынуўся ў ізаляцыі

Фатографы згадваюць, што пасьля разгрому выставы «надышлі змрочныя часы для ўсяго беларускага фатаграфічнага руху». У Беларусі тады дзеіла 27 фатаклюбаў. Іхных прадстаўнікоў экстранна сабралі ў Менску ў Палацы мастацтва і папярэдзілі, што надалей на замежныя выставы будуць пасылаць толькі працы, якія пройдуць адбор Галоўліта (савецкая ўстанова, якая цэнзуравала друкаваныя выданьні) са штампам «дазволена». Калі б хоць адзін экспанат трапіў за мяжу без дазволу цэнзараў, клюб гразіліся больш не пускаць на замежныя выставы.

На магілёўскай імпрэзе да 80-годзьдзя Зіновія Шэгельмана

Самаму Шэгельману забаранілі праводзіць заняткі фатаграфіяй зь дзецьмі ў гуртку мясцовага Палаца піянэраў. Яго пазбавілі доступу да фоталябараторыі з прафэсійным абсталяваньнем, абмежавалі яму ўдзел у выставах.

Па словах Анатоля Талкачова, на кожным пасяджэньні праўленьня клюбу «Вясёлка» партыйныя функцыянэры настойвалі, каб Шэгельмана адгэтуль выключылі. Калі дамагчыся гэтага не ўдалося, то расфармавалі само праўленьне. Пасьля гэтага, кажа Анатоль Талкачоў, клюб фактычна перастаў існаваць.

Шэгельман фатаграфаваў і аголеную натуру. Фота зь сямейнага альбома Шэгельмана

Апынуўшыся ў ізаляцыі, Шэгельман здымаў адзін. Фатаздымкі пасылаў на замежныя выставы.

Сын фатографа: «Бацька ўмеў і гаварыў па-беларуску»

Сын фатографа Ўладзіслаў Шэгельман кажа, што фатаграфія для бацькі была больш чым хобі — безь яе ён не ўяўляў жыцьця. Фатаграфічная творчасьць паглынала яго дарэшты. Ён рад быў дзяліцца прафэсійнымі сакрэтамі з калегамі, удзельнічаў у арганізацыі выставаў.

За гэтае фота Шэгельмана абвінавацілі ў прапагандзе сіянізму. У плямах водбліскаў цэнзары ўгледзелі зоркі Давіда (фатаздымак з архіву сям’і Шэгельмана)

Уладзіслаў адзначае: тое, што адбылося пасьля выставы 1982 году, не было «нечым асаблівым для савецкай рэальнасьці». Па ягоных словах, у маладосьці бацька ўжо зазнаваў перасьлед. У школе яму не далі заслужанага залатога мэдаля, а пазьней перашкодзілі паступіць у Смаленскі будаўнічы інстытут, бо «ў ім было зашмат габрэяў». На пачатку 1980-х яго вэрбаваў КДБ і пагражаў непрыемнасьцямі, калі Шэгельман адмовіўся.

Уладзіслаў кажа, што за выставу «Міні-фота» бацьку «выкрасьлілі з афіцыйнай беларускай фатаграфіі» і «некаторыя фатографы адвярнуліся ад яго».

Паводле сына, рашэньне аб эміграцыі ў Ізраіль далося бацьку няпроста. Пераважыла тое, што ён ня бачыў лепшай будучыні і баяўся за здароўе дзяцей пасьля Чарнобыльскай катастрофы. За год да ад’езду ў дачкі фатографа памерла дзіця, і гэтую сьмерць ён зьвязваў з узьдзеяньнем радыяцыі.

Уладзіслаў кажа, што бацька лічыў Беларусь сваёй радзімай. Штогод прыяжджаў, ладзіў выставы і фатаграфаваў любую яму беларускую прыроду. З прыемнасьцю згадваў беларусаў.

Фота «Раніца ў лесе». Шэгельман убачыў у беларускім лесе чорнага бусла і змог яго сфатаграфаваць. Адзін з самых папулярных здымкаў фатографа (фатаздымак з архіву сям’і Шэгельмана)

«Ён умеў і гаварыў па-беларуску, — адзначае сын фатографа. — Часам гаварыў па-беларуску ў крамах і дзяржаўных установах. Тады гэта было дзіка, і на яго глядзелі, як на дзівака».

Памёр Зіновій Шэгельман у 1999 годзе. Пахаваны на могілках Цур Шалом у прыгарадзе Хайфы.

Фатограф пакінуў пасьля сябе вялікі творчы даробак. Ягоны архіў з тысячамі фатаздымкаў захоўваецца ў сына Ўладзіслава ў Ізраілі. Нямала работ фатографа ёсьць і ў калекцыях ягоных сяброў, калегаў, а таксама фотаклюбаў. У прыватным уладаньні засталася і першая фатавыстава Шэгельмана «Вяртаньне», якую ён прывёз у Беларусь пасьля эміграцыі.