«На карантын патрэбны грошы, а іх на людзей шкада». Што гавораць бацькі, калі вядуць малых у школу

Свабода вырашыла праверыць, ці ахвотна бацькі адпраўляюць дзяцей у школы, дзе так і не ўвялі карантын.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Бацькі вырашылі не пускаць мяне больш ў школу»

Наш выбар выпаў на менскую школу, якая знаходзіцца на адлегласьці 300 метраў ад СШ№ 212, дзе днямі з падазрэньнем на каранавірус быў шпіталізаваны вучань 6-й клясы, а ягоныя аднаклясьнікі апынуліся на хатнім карантыне. І вось мы ў менскім мікрараёне Сухарава, каля СШ № 199. 8.05 раніцы.

Маці вядзе ў школу дзьвюх дзяўчынак. Малодшую — у садок пры школе, старэйшую ў 3-ю клясу.

«Хацелася б карантыну, і тут жа можа быць вірус», — Кацярына вымаўляе на бягу, яўна спяшаецца. Пасьпяваю яшчэ спытаць, чаму не напіша заяву, каб дзеці замест школы засталіся дома. Кацярына пацьвярджае, што такія заявы падаваць можна, тут іх прымаюць, але як быць зь дзецьмі?

«Праца ж. Але я за тое, каб ня толькі школы, а ўсю краіну перавесьці на карантын», — цьвёрда кажа жанчына і ўваходзіць у школьныя дзьверы.

Напярэдадні пагутарыў з чалавекам, які працуе ў гэтай школе. Паводле ягоных назіраньняў, тут ужо ці не палова школьнікаў не наведвае заняткаў праз каранавірус. Ці гэта так? Найлепш спраўдзіць у настаўнікаў, якія раніцай спяшаюцца ў школу. Адрозьніць настаўнікаў ад бацькоў лёгка па заклапочаных тварах і тым, што яны ідуць безь дзяцей.

Высокі малады мужчына Яўген аказаўся настаўнікам фізкультуры.

«Можа, не палова, але да гэтага ўжо набліжаецца», — Яўген згадвае, што ўчора з 7-й клясы былі «мо 5 вучняў», у старэйшых паболей, але «з кожным днём ўсё меней». Ён дзівіцца, што дагэтуль ня ўведзены агульны карантын, бо лічыць становішча ўжо небясьпечным.

«Вы чулі пра 212-ю школу? Дык усё, пацьвердзіўся выпдаак. Чаго тады чакаюць? Гэта ж можа прыйсьці адусюль. Вось у маёй жонцы на працы двое прыехалі з Эўропы, цяпер загрыпавалі, правяраюцца. Можа, і здаровыя, але навошта рызыкаваць?»

Настаўнікам, паводле Яўгена, палёгкі ўсё роўна не відаць. «З панядзелка пачнуцца вакацыі, а мы ўсё роўна будзем сюды прыходзіць, у нас канікулаў няма», — зазначае Яўген.

Міма праходзіць хлопчык з паперкай у руцэ і без школьнага заплечніка. Здагадваюся: школьнік нясе заяву ад бацькоў, каб да вакацый заставацца дома. На адваротным шляху пяціклясьнік Мікіта пацьвердзіў маю здагадку.

«Так, бацькі вырашылі не пускаць мяне больш у школу. Да канікулаў». Хлопчык ведае пра выпадак у суседняй 212-й школе і, больш за тое, упэўнена называе другую школу па суседзтве, дзе нібыта таксама аб’явіўся хворы на каранавірус.

«Пайду дадому», — Мікіта сьпяшаецца пакінуць школьны двор.

«Не, мы не баімся», — бадзёра адказваюць пра каранавірус два старшаклясьнікі, якіх сустракаю каля школьных весьніц. Але больш ад іх ані слова, бо ззаду гучыць загад настаўніцы. Маладая жанчына назвалася намесьніцай дырэктара школы, але адмовілася сказаць сваё імя і загадала выйсьці за тэрыторыю школы. Далей намесьніца дырэктара не адыходзіла ад весьніц і ўважліва сачыла, каб вучні, якія ўваходзілі ў школу, не спыняліся на размову з журналістам. «Не адказвайце, праходзьце, добрай дзень».

Менская школа №199

«Проста мацюкацца хочацца»

Бацькі, якія выходзяць са школы, былі больш кантактныя і разнастайныя ў камэнтарах. «А чаго не хадзіць? Да лета гэта пройдзе. Зразумела, карантын быў бы найлепшым выйсьцем, але на яго трэба грошы, а іх у бюджэце няма», — мяркуе Мікалай.

«Ды сядзелі б дома з дачкой, але абставіны такія, што пакінуць яе няма з кім», — адказаў на хаду мужчына, які не назваўся.

«Так, мы напісалі заяву, але ўсё роўна сёньня прывяла дачку ў школу на кантрольную. Праз гадзіну забяру», — усьміхаецца Вольга. Жанчына ня супраць увядзеньня агульнага карантыну, але задавальняе яе і цяперашні стан, калі можна не адпраўляць дзяцей у школу, напісаўшы заяву. «Ды і заяву тую напісала, каб даць дачцэ адпачыць. Трэцяя чвэрць даўгая, дзіця стамілася», — прызнаецца Вольга і дадае, што карантын ўсё ж патрэбен.

Са школы выходзіць малады мужчына. Ён таксама адводзіў дзіця.

«Што, які карантын? Ды звычайны грып ваш каранавірус», — мяркуе Алег і ўшчэнт разьбівае мае спасылкі на тое, што адбываецца ў Італіі ды Гішпаніі.

«А вы ведаецце, чаму столькі смерцяў у Італіі? Бо яны чырвоных ліній не прытрымліваліся і апаратаў вэнтыляцыі лёгкіх у іхных шпіталях няма», — перакананы суразмоўца. У канцы Алег заявіў, што калі б сьмяротнасьць была вышэйшай за 20%, вось тады трэба было б баяцца, а пры сьмяротнасьці ў некалькі адсоткаў «няма чаго перажываць».

Але наступны бацька выйшаў са школы ў абсалютна супрацьлеглым настроі.

«Слухайце, проста мацюкацца хочацца. Безумоўна, патрэбен карантын», — упэўнена кажа Ўладзімер і працягвае ў адрас некага наверсе. «Але яму ж да ліхтара, яму грошай на людзей шкада. Вось я прывёў сына ў школу, бо куды падзецца? Хто мяне ад працы вызваліць? Я іпэшнік, сам на сябе зарабляю. Лягістыка, аўтабізнэс. Але цяпер ўсё спынілася, турыстычны бізнэс спыніўся, перавозак няма, суцэльныя страты. А каб увесьці сапраўдны карантын, кампэнсаваць нам хоць бы часткова, дык на гэта трэба выдзяліць грошы з бюджэту, і немалыя!»

Паводле намесьніцы дырэктара 199-й школы, якая так і не назвалася, у школе на просьбу бацькоў адсутнічае да 20% вучняў. У кожнай клясе школы вісяць апараты для дэзынфэкцыі рук, але завуч удакладніла, што гэтыя прылады вывешаныя ўжо даўно, яшчэ да эпідэміі каранавірусу, а адмысловай дэзынфэкцыі ў школе не праводзілі.

«Мыюць і чысьцяць, як звычайна, рэгулярна. Сытуацыя ў школе стабільная», — сказала карэспандэнту Свабоды намесьніца дарэктара менскай СШ № 199.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі лекар, які заклікаў да карантыну: «Зь Нідэрляндаў напісалі, якія вар’яты жывуць у Беларусі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы баімся назваць рэчы сваімі імёнамі». Настаўнік зьвярнуўся да міністра адукацыі з просьбай увесьці карантын

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ