Reuters: Менск вытаргаваў у Масквы істотную зьніжку на нафту з 1 красавіка

Мазырскі НПЗ.

Расея зьнізіць цану на нафту для Беларусі яшчэ на 12 даляраў, сьцьвярджае агенцтва Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Расея пагадзілася павялічыць зьніжку на нафту для Беларусі да 15,7 за тону, што на 12 даляраў больш, чым прапаноўвалася раней, паведамляе Reuters са спасылкай на тры крыніцы ў нафтавай галіне.

Па словах суразмоўцаў агенцтва, расейскія нафтавікі гатовыя ад 1 красавіка ў поўным аб’ёме аднавіць пастаўкі сыравіны ў Беларусь. У Менску, дзе раней заяўлялі аб жаданьні наладзіць закупкі ў альтэрнатыўных пастаўшчыкоў, пакуль не паведамілі, колькі менавіта нафты з Расеі ёй трэба.

У кампаніі «Роснефть» пазьней заявілі, што кампанія будзе пастаўляць нафту ў Беларусь на тых умовах, якія раней сама ж прапаноўвала — з прэміяй $ 5 за тону, паведамляе РБК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэртка: У «Белнафтахіме» кажуць, што цана нафты не прыярытэт, галоўнае — забясьпечыць альтэрнатыву

Reuters адзначае, што зьдзелка зь Беларусьсю стала магчымай на фоне падрыхтоўкі Расеі да спыненьня заключанага ў рамках OPEC пагадненьня аб абмежаваньні нафтаздабычы.

9 сакавіка, пасьля развалу зьдзелкі краін-экспартэраў нафты, цана барэля нафты маркі Brent абвалілася на 24%, а 18 сакавіка ўпершыню з траўня 2003 году апусьцілася ніжэй за 25 даляраў.

Такім чынам, менш чым за два тыдні барэль Brent страціў у цане больш за 40%, а з пачатку году нафта патаньнела амаль утрая (у студзені таргавалася блізу 72 даляраў).

23 сакавіка Brent каштуе 25,5 даляра за барэль.