«Я ў „Эўраопт“ заходжу як у музэй!» Экскурсавод-стэндапэр тлумачыць, чаму мы ня ходзім глядзець на мастацтва

Мікіта Моніч праводзіць экскурсію ў Нацыянальным мастацкім музэі

Мікіта Моніч — музэйны стэндапэр, улюбёны дзецьмі экскурсавод і малодшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музэю. Свабода трапіла на экскурсію да Мікіты, а пасьля распытала, што так і што ня так зь беларускімі музэямі.

«Спадары і спадарыні, вітаю вас у музэі!», — Мікіта Моніч пачынае сваю жвавую экскурсію. Шаснаццатую за месяц — і гэта толькі для дзяцей. Гэтая экскурсія — частка буйнога дзіцячага курсу мастацтва, які доўжыцца зь верасьня па красавік. Яго наведваюць каля 250 дзяцей. А некаторыя дарослыя прыводзяць сваіх пляменьнікаў, хрэсьнікаў і нават суседзкіх дзяцей, каб самім трапіць на курс.

Мікіта Моніч праводзіць экскурсію для дзяцей

«Вы ня можаце навучыцца любіць музэй, калі ў вашым паселішчы яго няма»

Дзеці сьпяшаюцца за Мікітам з залі ў залю, і ніхто не спрабуе адстаць ці зьнікнуць. Сёньняшняя тэма — пэйзаж. Але пачынае Мікіта нечакана — зь іканапісу. І цягам экскурсіі праз клясыцызм і рамантызм даходзіць да рэалізму і Шышкіна.

Ніхто не загадвае паводзіць сябе цішэй ані Мікіту, ані дзецям — хоць іхныя галасы літаральна грымяць у залях. Каля чарговай экспазыцыі дзеці сядаюць на падлогу, каб зручней было слухаць лекцыю.

«Мастацтва мы рукамі не чапаем, мы гэта памятаем?» — гучыць адзіная за ўвесь час заўвага ад Мікіты.

«Вядома!» — хорам адказваюць дзеці.

Мікіта Моніч

На думку Мікіты, у НММ адная з найлепшых у сьвеце калекцыяў расейскага сьвецкага мастацтва з XVIII да пачатку XX стагодзьдзяў. Маленькая, але прадстаўнічая калекцыя мастацтва Азіі. Адна заля цудоўнай заходнеэўрапейскай калекцыі: можна сваімі вачыма паглядзець, што такое барока, клясыцызм, рамантыкі, француская школа, італьянская школа. Вядома, найлепшая калекцыя беларускага мастацтва.

Паказваць і адукоўваць — гэта не галоўная задача музэю. Галоўная задача музэю — не адукоўваць і забаўляць, а захоўваць і вывучаць. Што адрозьнівае музэй ад добрай галерэі, эфэктнага праекту кшталту «Ван Гог. Жывыя палотны» ці ад выставы Lego? Толькі адно — калекцыя. Тыя 200-300 твораў, якія вісяць у выставачных залях Нацыянальнага мастацкага музэю — гэта 3% ад яго калекцыі. Астатнія 97% захоўваюцца ў фондах. І ўсе гэтыя фонды належаць не дзяржаве, а народу Беларусі.

«Музэю бракуе аднаго — большай колькасьці цікаўных наведнікаў», — кажа Мікіта. Паводле Мікітавых падлікаў, у музэй ходзяць усяго 2-3% гараджан.

«Гараджане адрозьніваюцца ад не-гараджан спажываньнем адмысловых інстытуцыяў, адмысловых месцаў, якія ў горадзе ёсьць, а па-за горадам няма, — тлумачыць Моніч. — І гэта амаль заўсёды культурныя інстытуцыі. Вы ня можаце навучыцца хадзіць у музэй і любіць яго, калі ў вашым паселішчы няма музэю. Вы ня можаце адрозьніць добры музэй ад кепскага, калі ў вашым населеным пункце толькі адзін музэй. Мэнтальна і каштоўнасьцямі гараджанін — гэта звычайна трэцяе пакаленьне людзей, якія жывуць у горадзе. Колькі ў нас адсоткаў гараджан у трэцім пакаленьні?»

«Навуковец зь мяне як зь дзярма куля, а вось стэндап у галіне культуры мае попыт

Паводле ягонай лёгікі Мікіта і сам не гараджанін: бабулі і дзядулі збольшага жылі ў вёсках. Але Мікіта служыць у музэі ўжо восем гадоў. І робіць гэта зь любоўю.

«У музэі безь любові нельга, — кажа Моніч. — Уявіце: вы спэцыяліст з вышэйшай адукацыяй, з рэдкай спэцыяльнасьцю, вас рыхтавалі шмат гадоў, вы прыходзіце ў музэй і атрымліваеце, напрыклад, 200 баксаў у месяц. За ваш унівэрсытэт, магістратуру, замежныя мовы, асьпірантуру, кандыдацкую ступень. Ну, добра, з кандыдацкай 250 баксаў. А вы ўнікальны спэцыяліст! Гэта нават ня столькі пра любоў, колькі пра служэньне. Раней у мяне пыталі: „Дзе ты працуеш?“ Я казаў: „Я працую ў мастацкім музэі“. А потым я прыдумаў інакш: „Я служу ў мастацкім музэі“. Бо працаваць за гэтыя грошы нельга, можна служыць».

У музэй Мікіта трапіў па разьмеркаваньні пасьля заканчэньня курсу «Міжнародныя адносіны» ў БДУ. Паводле адукацыі Моніч лінгвакраіназнаўца, усходазнаўца. Музэй мог і не зьявіцца ў жыцьці Мікіты, калі б не знаёмства з Настаўніцай — Аленай Уладзіміраўнай Сянкевіч, старэйшай навуковай супрацоўніцай НММ. У музэі яна працавала сорак два гады.

«Яна лорд сітх (пэрсанажы „Зорных войнаў“. — РС) і адзіны сапраўдны спэцыяліст ва ўсходнім мастацтве ў краіне, — з захапленьнем апавядае Мікіта. — Была надзея ў яе, што зь мяне вырасьце ёй зьмена, што я буду Дарт Вэйдэрам. Але выявілася, што навуковец зь мяне як зь дзярма куля, а вось стэнд-ап у галіне культуры мае попыт».

Алена Ўладзіміраўна як кіраўнічка ўхваляла нефармальныя экскурсіі Моніча. Сам Мікіта называе іх ангельскім наватворам «эдутэйнмэнт» ад «education» (адукацыя) плюс «entertainment» (забаўка). Моніч — вясёлы праваднік у мастацтва, пра якое апавядае з элемэнтамі стэндапу.

«Якая ёсьць надзея, што цябе будуць слухаць? Ты мусіш быць захапляльным, — кажа Моніч. — Ты павінен жэстамі, інтанацыяй, жартамі ўвесь час трымаць аўдыторыю. Ты не паведамляеш інфармацыю. Ты перадаеш сваё стаўленьне і ствараеш эмацыйнае асяродзьдзе, у якім твор мастацтва грае істотную ролю, і гэтае эмацыйнае асяродзьдзе мусіць дапамагаць адчуць ягоны эфэкт».

«Я ўжо дастаткова прастаяў перад гэтай карцінай? Я магу пераходзіць да наступнай?»

Сам па сабе твор мастацтва існуе не для таго, каб паведаміць інфармацыю. Ён патрэбны, каб адчуць яго эмоцыі.

«Гэта як зь песьняй, якую ты слухаеш раз за разам, хоць і ведаеш да апошняй ноты, што там. Але ты атрымаеш ад яе тыя ж альбо новыя эмоцыі, дзеля якіх ты ўступаеш зь ёй у аўдыёкантакт. У музэі тое ж самае, але пра візуальнае, — тлумачыць Моніч. — І гэта адказ на пытаньне, чаму на карціну трэба глядзець другі раз. І чаму ў нас сталая экспазыцыя не зьмяняецца».

Мікіта прыгадвае даўні выпадак падчас экскурсіі аб творчасьці Марка Шагала. Сярод натоўпу зьявіўся высокі і шыракаплечы мужчына, лысы, абцягнуты пінжаком.

«Такі браток з 90-х. І як гаркне: „Я скажу так. Пяць дзён таму я прыйшоў сюды ўпершыню, і я нічога не зразумеў. Але я вырашыў разабрацца. І вось кожны дзень я хаджу і гляджу. І зараз я магу сказаць, што Марк Шагал — мастак неймавернай глыбіні. Фантастычнай проста“».

Мікіта ўзгадвае, што гэтаму наведніку бракавала словаў, але ён зразумеў Шагала лепей за некаторых Мікітавых знаёмых з вышэйшай мастацтвазнаўчай адукацыяй.

Слабая воля да мастацтва — гэта крыху і постсавецкая спадчына, калі прафэсія інжынэра — гэта было пачэсна, а музэйны супрацоўнік — ня так істотна. Моніч лічыць, што нашае грамадзтва яшчэ не ўсьвядоміла каштоўнасьць гуманітарных ведаў. І прапанова культуры ў Менску перавышае попыт на яе.

«Мы кажам чалавеку: „Прыходзь глядзець на мастацтва, табе будзе добра“. Але чаму павінна быць добра, калі з мастацтвам у чалавека не складаецца і ніколі не складалася?» — пытае Мікіта.

Моніч апавядае гісторыю пра невялікі курс абстрактнага мастацтва: спачатку ён правёў лекцыю, потым наведвалі выставу ў музэі, потым абмяркоўвалі ў кавярні. Адзін з гледачоў шчыра сказаў, што ня ведаў, ці дастаткова ён ужо прастаяў перад карцінай. Ці можна ўжо пераходзіць да наступнай, ці зь яго будуць кпіць, бо ён замала разглядаў твор мастацтва?

«Ягоная думка: я прыйшоў з табой і нашым праектам, але ўсе астатнія ж прыйшлі не з табой? Гэтыя людзі прыйшлі самі, значыць, яны ведаюць нешта такое асаблівае, калі яны прыйшлі на абстрактнае мастацтва глядзець? Значыць, яны зь мяне будуць кпіць, бо я не такі дасьведчаны».

«Радыё „Культура“ ня слухае аніводзін чалавек, які ведае, што такое хэштэг»

Мікіта падкрэсьлівае, што музэі паміж сабой не канкуруюць — прыходзьце хоць у які музэй! Галоўныя музэйныя канкурэнты — YouTube, торэнты і гандлёвыя цэнтры.

«У камэнтарах да кожнай публікацыі пра культуру пішуць: „Якая культура! Вы цэны на прадукты бачылі?! Я ў „Эўраопт“ заходжу як у музэй!“, — усьміхаецца Мікіта. — Чалавек цудоўна разумее, што мусіць заплаціць колькі грошай за квіток і патраціць колькі часу. Я за гэтыя грошы магу купіць ежы ці бутэльку гарэлкі. Сэнс бутэлькі гарэлкі я разумею, нават калі ня п’ю. Я магу яе для націраньняў выкарыстоўваць, ці на сьвята кагосьці напаіць, ці даць сантэхніку за тое, што ён мне кран зьменіць. А які сэнс у музэі? Для чалавека, які туды ня ходзіць, гэты сэнс зь ніадкуль ня возьмецца».

Каб знайсьці гэты сэнс і пачувацца добра з мастацтвам, на думку Мікіты, нам не хапае падрыхтоўкі. Нам ёсьць дзе падрыхтавацца да спажываньня музыкі: мы чуем яе па радыё, потым слухаем у навушніках і толькі потым прыходзім у канцэртную залю. Нам ёсьць дзе падрыхтавацца да тэатру, да кіно, а да музэю — няма. Мастацтвам могуць цікавіцца ў сям’і, калі мастакі самі бацькі. Можна пайсьці ў мастацкую школу, вучыцца маляваць — тады паход у музэй будзе больш сьвядомым.

«Ня ў сэнсе, калі настаўнік прыводзіць клясу і пытае: „Колькі часу будзе цягнуцца?“ — „Гадзіну“. — „У ГУМ пасьпею“. І звальвае, — кажа Моніч. — Часам яшчэ бяруць хулігана, які правінаваціўся, і адпраўляюць яго з сабранымі грашыма ў музэй. Ён купляе квіткі на экскурсію, забірае чэк і сыходзіць. У маёй сыстэме каштоўнасьцяў нават самая нудная экскурсія — гэта ўсё роўна наведваньне музэю, зь якога можна штосьці карыснае для сябе ўзяць. А тут мы сутыкаемся з сытуацыяй, калі дзеці і настаўнікі гатовыя патраціць грошы, каб адкупіцца ад гэтага абавязку».

Не хапае і прамоцыі з боку саміх музэяў. Тыя, хто цікавіцца мастацтвам, па-ранейшаму застаюцца закрытай тусоўкай. Існуе разрыў паміж падрыхтаванай і непадрыхтаванай аўдыторыяй. Таксама як і разрыў пакаленьняў.

Раней Моніч вёў на радыё «Культура» рубрыку для дзяцей і падлеткаў. Кожны тыдзень па пяць хвілін. У канцы кожнай рубрыкі Моніч даваў заданьне: знайсьці пэўнае месца ў музэі ці ў горадзе, сфатаграфаваць яго ці зрабіць сэлфі, выкласьці з хэштэгам, атрымаць за гэта прыз. За год працы зьявіўся роўна нуль хэштэгаў.

«Я на сто адсоткаў упэўнены, што радыё «Культура» ня слухае аніводны чалавек, які ведае, што такое хэштэг, — сьмяецца Мікіта. — Магчыма, я кепска рабіў рубрыку. Але я не прабіўся. Затое на кожным адкрыцьці выставы, дзе я зьяўляўся, да мяне падыходзіў які-небудзь заслужаны ці проста прафэсійны мастак, пясочны чалавек, і казаў: «Чуў тваю праграму. Як файна апавядаеш! У наступнай праграме раскажы пра мяне».

Парады ад Мікіты Моніча: як асэнсавана наведваць музэй?

«Схадзіце на экскурсію да Мікіты Моніча, але гэта ня самы сьціплы падыход да пытаньня, — усьміхаецца Мікіта. — Лепей за ўсё прыйсьці ў музэй, хадзіць па залях без задачы паглядзець усё, не факусаваць увагу на кожнай карціне, а проста ісьці, ісьці і знайсьці ўмоўныя тры карціны: якая вам больш за ўсё падабаецца, якая вам больш за ўсё не падабаецца і якая вам будзе падавацца самай дзіўнай. Пасьля ўзяць мабільны тэлефон, паставіць на пяціхвілінны таймэр, пакласьці яго ў кішэню і пачаць размаўляць з гэтай карцінай. Нон-стоп, у сярэднім тэмпе, без паўтораў і безь перапынкаў. Пакуль не адгукнецца таймэр.

І калі вы гэта зробіце, ёсьць высокая імавернасьць, што вы нешта зразумееце хаця б пра гэтыя тры працы. І гэтага будзе ўжо дастаткова. Далей трэба сысьці з музэю і, нават калі вам было складана і сумна, празь нейкі час паспрабаваць прааналізаваць свае адчуваньні. Ці ёсьць хаця б нейкае памкненьне вярнуцца туды? Ці хачу я яшчэ нейкім чынам сутыкнуцца з сытуацыяй, калі я ўглядаюся ў карціну, у скульптуру, у кубак, і нейкая дапытлівасьць унутры мяне задавальняецца? Калі так — то пагналі ў музэй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 11 віртуальных экскурсіяў па найлепшых музэях і галерэях сьвету
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі „нашы“ прыйдуць да ўлады, стану ў апазыцыю». Як жыве адзін з самых запатрабаваных мастакоў Беларусі