«Белтэлекам» абвясьціў конкурс на агучваньне па-беларуску 10 замежных кінафільмаў 

Арнольд Шварцэнэгер у фільме "Тэрмінатар"

Дзяржаўнае прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам» абвясьціла тэндэр на агучваньне замежных кінафільмаў для дзяцей і дарослых на беларускую мову.

Як вынікае зь ліста «Белтэлекаму», прынятае рашэньне закупіць паслугі агучваньня па-беларуску 10 замежных стужак для інтэрнэт-тэлеканалу «ЯСНАе TV», які ўваходзіць у структуру «Белтэлекаму».

Прыкладная цана закупкі — да 1000 базавых велічынь (27 тысяч рублёў). У ацэнцы крытэраў будзе разглядацца цана за ўсе фільмы, выбраныя для агучваньня (з улікам падаткаў).

Карыкатура на Жэрара Дэпардзьё, выканаўцу галоўнай ролі ў фільмах пра Астэрыкса

У пераліку мастацкіх фільмаў, якія мяркуецца перакласьці на беларускую мову, наступныя:

  • «Утаймаваньне свавольніка» (Італія, 1980)
  • «Тэрмінатар-2. Судны дзень» (ЗША, 1991)
  • «Пяты элемэнт» (Францыя, 1997)
  • «Шчасьлівы лік Сьлевіна» (ЗША/Нямеччына, 2005)
  • «Цягнік на Юму» (ЗША, 2007)
  • «РЭД» (ЗША, 2010)
  • «Вобласьць цемры» (ЗША, 2011)
  • «Астэрыкс. Зямля багоў» (Францыя/Бэльгія, 2014)
  • «Астэрыкс і тайнае зельле» (Францыя/Бэльгія, 2018)
  • «Прыгоды Падынгтана-2» (Вялікая Брытанія/ЗША/Францыя, 2017)

Тэлеканал «ЯСНАе TV», які летась паўстаў замест «Мінск TV», можна знайсьці ў базавых і пашыраных пакетах інтэрактыўнай тэлевізіі ZALA і ЯСНА.