«Кандыдаты правераныя». Лукашэнка прызначыў першых намесьнікаў у КДБ і МУС 

Будынак КДБ ў Менску

Аляксандар Лукашэнка зрабіў кадравыя прызначэньні ў Камітэце дзяржаўнай бясьпекі і Міністэрстве ўнутраных спраў, перадае БелТА.

Сяргей Церабаў, які да цяперашняга часу займаў пасаду начальніка ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласьці, прызначаны першым намесьнікам старшыні Камітэту дзяржбясьпекі. Ён заняў месца Ігара Сергеенкі, які пры канцы мінулага году ўзначаліў прэзыдэнцкую адміністрацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сергеенка замест Качанавай — змагар са шпіёнамі замест «добрай цётачкі»

Генадзь Казакевіч прызначаны першым намесьнікам міністра ўнутраных спраў — начальнікам крымінальнай міліцыі. Да гэтага ён кіраваў галоўным упраўленьнем па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС. Ён зьмяніў Івана Падгурскага, які ў сьнежні мінулага году быў вызвалены ад працы паводле ўзросту.

«Кандыдаты правераныя. Нейкіх абставінаў, якія перашкаджаюць прызначэньню, няма, праверылі рознабакова. З усімі структурамі», -— адрапартаваў Лукашэнку дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Андрэй Раўкоў.

Паводле старшныі КДБ Валерыя Вакульчыка, прапанаваныя як раз тыя, хто лепш за ўсё падыходзіць на гэтыя пасады: «Павінны быць рашучыя кіраўнікі, здольныя ўзначаліць працу на сваім участку і забясьпечыць выкананьне задач».

Размаўляючы з кіраўніцтвам КДБ і МУС, Лукашэнка выказаўся пра іх задачы:

«У цэлым абстаноўка стабільная, кантралюемая. Але неабходна ўлічваць усё ж такі транзытны характар нашай рэспублікі. Асноўнай задачай будзе недапушчэньне дэструктыўнага ўплыву звонку. На гэтым будуць сканцэнтраваныя асноўныя намаганьні ў працы».