У Гайнаўцы на Беласточчыне пяты раз праходзіць «Марш памяці выклятых жаўнераў» — гэта шэсьце ў гонар пасьляваенных польскіх падпольнікаў.
Штогод марш праходзіць у атмасфэры скандалу, бо ўдзельнікі шэсьця нясуць плякат з выявай Рамуальда Райса "Бурага" які ў 1946 спрычыніўся да зьнішчэньня беларускіх вёсак на Падляшшы.
На плякаце ўдзельнікаў Маршу надпіс: "Сьмерць ворагам Айчыны!"
Сёньня ж раней у Гайнаўцы адбылася акцыя пратэсту супраць маршу нацыяналістаў. У ёй удзельнічаў і старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту па Беларусі Робэрт Бэдрань. Памяць ахвяраў атрадаў "Бурага" ушанавалі хвілінай маўчаньня і малітвай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойцы і ахвяры. Факты пра «выклятых жаўнераў», якія ў 1946 годзе забівалі і палілі беларусаў Беласточчыны
Пасьля ўдзельнікі акцыі пратэсту накіраваліся да месца правядзеньня «Маршу памяці выклятых жаўнераў». Марш сустракалі крыкамі «Ганьба!», «Далоў фашызм!», у руках пратэстоўцы трымалі таблічкі з імёнамі загінулых ад рук паплечнікаў Бурага. Маніфэстацыі разьдзяліў паліцэйскі кардон.