У роднай вёсцы прэзыдэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмона праходзіць капітальны рамонт — яе рыхтуць да атрыманьня статусу сталіцы правінцыі.
Будаўнічы аўрал у Дангары, якая знаходзіцца прыкладна за 100 кілямэтраў ад Душанбэ, ставіць за мэту ператварыць заштатную вёску ў абласны адміністрацыйны цэнтар. Менавіта тут 5 кастрычніка 1952 году нарадзіўся цяперашні таджыцскі лідэр.
Урачыстасьці ў Дангары
На 6 тысячах гектарах колішніх сельскагаспадарчых палеткаў вядзецца будаўніцтва новых дарог, заводаў, офісаў адміністрацыйных установаў, Палаца культуры. Ужо здалі стадыён на 10 000 месцаў, запрацаваў Дангарскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, а таксама мэдыцынскі ўнівэрсытэт замест закрытага ў другім па велічыні горадзе Таджыкістану Худжанджы.
Дзяржаўны ўнівэрсытэт у Дангары
Амбітныя праекты ўключаюць у сябе тэкстыльны комплекс, нафтаперапрацоўчы завод, цэмэнтавы завод і фабрыку эмульсійных выбуховых рэчываў. Для ўсяго гэтага неабходны працоўныя рукі. Як вынік, у некалі маланаселенай вёсцы і яе навакольлі на сёньня пражывае больш за 150 тысяч чалавек.
Пры гэтым пакуль няма канчатковых тэрмінаў, калі Дангара афіцыйна стане сталіцай рэгіёну. Ня выключана, што цырымонію прымяркуюць да 30-годзьдзя незалежнасьці Таджыкістану ў верасьні 2021-га.
Новы завод у Дангары
Эмамалі Рахмон захоўвае жорсткае кіраваньне ў Таджыкістане ад 1992 году. Яго часта крытыкуюць за тое, што ён раздае важныя дзяржаўныя пасады сваім землякам.
Так, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, Дзяржаўная памежная служба, Дзяржаўны камітэт тэлевізіі і радыё ды іншыя пасады ва ўрадзе кантралююцца людзьмі, якія нарадзіліся ў родным рэгіёне прэзыдэнта.